26 красавiка 2025, Субота, 1:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За першыя 100 дзён ва ўладзе Трамп давёў даляр да найгоршых паказнікаў за паўстагоддзя

4
За першыя 100 дзён ва ўладзе Трамп давёў даляр да найгоршых паказнікаў за паўстагоддзя

Індэкс даляра дасягнуў найгоршых паказнікаў з часоў Ніксана.

Індэкс даляра рухаецца да найгоршых паказнікаў за першыя 100 дзён кіравання новага прэзідэнта ў гісторыі ЗША – як мінімум з часоў Рычарда Ніксана, калі краіна адмовілася ад залатога стандарту і перайшла на свабоднае плаванне абменнага курсу, адзначае Bloomberg.

Індэкс даляра ЗША страціў амаль 9% у перыяд з 20 студзеня, калі Дональд Трамп вярнуўся на другі прэзідэнцкі тэрмін, да 25 красавіка. Гэта рэкорднае падзенне сама меней за 52 гады.

У 1971 годзе «шок Ніксана», задуманы як часовы захад, прывёў да падзення даляра і фактычна паклаў канец уведзенай пасля Другой сусветнай вайны Брэтан-Вудскай сістэме фіксаваных абменных курсаў.

У апошнія дзесяцігоддзі першыя 100 дзён кіравання новага прэзідэнта ЗША звычайна суправаджаліся ўмацаваннем нацыянальнай валюты: з другога тэрміну Ніксана ў 1973 годзе і да інаўгурацыі Джо Байдэна ў 2021 годзе сярэдняя прыбытковасць даляра за гэты перыяд складала блізу 0,9%.

Трамп у пачатку другога прэзідэнцкага тэрміну, выконваючы перадвыбарныя абяцанні, павысіў гандлёвыя мыты. Гэта заахвоціла інвестараў укладвацца ў актывы за межамі ЗША, тым самым аслабляючы даляр і спрыяючы ўмацаванню іншых валютаў і падаражанню золата. Так, еўра, швэйцарскі франк і ена за першыя сто дзён прэзідэнцтва Трампа выраслі больш чым на 8% у адносінах да даляра.

«Паўсюднасць выкарыстання даляра ЗША і ягоная ключавая роля ў міжнародным гандлі і фінансах склаліся з развіццём глыбокага даверу да інстытутаў ЗША на фоне нізкіх гандлёвых бар'ераў і прадказальнай знешняй палітыкі», – адзначыў кіраўнічы дырэктар BMO Global Asset Management Біпан Рай.

Цяпер, паводле ягоных словаў, праглядаюцца відавочныя «прыкметы эрозіі», якія паказваюць на змяненне тэндэнцый глабальнага размеркавання актываў, што не спрыяе амерыканскай валюце. «Мы адчуваем, што гэта структурны зрух», – заявіў эксперт.

Палітычныя крокі Трампа таксама павысілі рызыку рэцэсіі ў ЗША ў спалучэнні з паскарэннем інфляцыі, абмежаваўшы маштабы патэнцыйнага зніжэння адсоткавых ставак Федэральнай рэзервовай сістэмай (ФРС). Сярод іншага, прэзідэнт выступаў з негатыўнымі каментарамі на адрас старшыні ФРС Джэрама Паўэла і нават пагражаў яго звольніць. Гэта насцярожыла інвестараў і ўзмацніла асцярогі наконт незалежнасці цэнтральнага банка ЗША. Пазней кіраўнік дзяржавы заявіў, што не збіраўся звальняць Паўэла.

У выніку UBS Group AG знізіла свой прагноз пра даляр другі раз менш як за два месяцы. Аналітыкі заявілі, што дынаміка амерыканскай валюты залежыць ад зыходу супрацьстаяння ЗША і Кітая, у якім цягам апошніх тыдняў не назіраецца асаблівага прагрэсу.

На гэтым тыдні Deutsche Bank AG папярэдзіў пра структурную сыходную тэндэнцыю для даляра ў найбліжэйшыя гады і пагрозу падзення ягонага курсу ў адносінах да еўра да мінімальнага ўзроўню за апошнія 10 гадоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках