La Repubblica: Трамп і Зяленскі сустрэнуцца ў Рыме
- 26.04.2025, 10:43
- 2,006

З'явіўся падрабязны расклад візіту прэзідэнта ЗША.
За менш як 15 гадзін у італійскай сталіцы Трамп плануе правесці шэраг сустрэч і наведаць пахаванне Папы Францішка.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у Рыме сустрэнецца з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім, паведамляе La Repubblica.
Згодна з раскладам Белага дома, Дональд Трамп будзе знаходзіцца ў Рыме ўсяго 14 гадзін і 40 хвілін: прыбыццё ў аэрапорт Ф'юмічына - а 22:50, зваротны вылет - а 13:30 наступнага дня.
Падчас візіту Трамп мае намер: пераначаваць на віле Таверна са сваёй жонкай Мелані, наведаць пахаванне Папы Францішка ў саборы Святога Пятра, сустрэцца з прэм'ер-міністрам Італіі Джорджай Мелоні, правесці перамовы з Уладзімірам Зяленскім і прэм'ерам Брытаніі Кірам Стармерам.
Прысутнасць Зяленскага на пахаванні Папы Францішка доўгі час заставалася пад пытаннем. Спачатку ўкраінскі лідар паведаміў, што можа скасаваць паездку «праз важныя вайсковыя сустрэчы», аднак у выніку пастанавіў прыбыць у Рым.
На борце Air Force One Трамп пракаментаваў магчымасць сустрэчы з Зяленскім:
«Я ўважаю сустрэчу з Зяленскім магчымай».
Перамовы былі запланаваныя на 8:00 (9:00 паводле Менску), перад выездам Трампа ў базіліку Святога Пятра на цырымонію а 9:30 (10:30 паводле Менску). Калі інфармацыя выдання была карэктнай, то перамовы, магчыма, ужо адбываюцца.
Трамп спыніўся ў віле Таверна - рэзідэнцыі пасла ЗША ў Італіі. Раней Зяленскі падчас візіту ў Італію начаваў у гатэлі Parco dei Principi непадалёк, што палягчае лагістыку перамоў.
Нягледзячы на шчыльны графік і магчымыя змены, абодва бакі імкнуцца правесці сустрэчу, якая мае вызначальнае значэнне ў цяперашняй палітычнай сітуацыі.