У Варшаве прайшоў мітынг памяці аб катастрофе на Чарнобыльскай АЭС
3- 27.04.2025, 11:23
- 1,626

Акцыя адбылася на фоне манументальнага Палаца культуры і навукі.
26 красавіка на плошчы Дэфілад у Варшаве адбыўся мітынг-рэквіем з нагоды 39-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Арганізатары акцыі кажуць, што і амаль праз 40 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС беларусы маюць шмат падстаў выходзіць і не маўчаць: «Супраць волі людзей пабудавалі новую АЭС, супраць волі людзей завезлі ў краіну чужую ядзерную зброю... І мы выходзім, каб сказаць «Не!» гэтаму сцэнару», паведамляе «Белсат».

Сёлета арганізатары не змаглі дамовіцца з гарадскімі ўладамі на правядзенне паўнавартаснага шэсця - Чарнобыльскага шляху. У цэнтры Варшавы 26 красавіка павінны былі праходзіць іншыя палітычныя акцыі, і беларусам парэкамендавалі зладзіць імпрэзу ў фармаце мітынгу на плошчы Дэфілад. Да таго ж у Польшчы гэты дзень быў абвешчаны Нацыянальным днём жалобы з нагоды пахавання Папы Рымскага Францішка.
Са слоў аднаго з арганізатараў Чарнобыльскай акцыі ў Варшаве Васіля Пляшкунова, заяўка на правядзенне мітынгу была ўхваленая ўладамі толькі з чацвёртай падачы.
Акурат таму мітынг-рэквіем, прысвечаны 39-м угодкам Чарнобыльскай трагедыі, быў нешматлюдным і камерным, пагатоў, што ён праходзіў на фоне манументальнага Палаца культуры і навукі ў Варшаве. Людзі прыйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі. На сцяжку, замацаваным на дынаміцы, трапяталася чорная жалобная стужка.

«Хлусня і ёсць прычына ўсякага зла»
Каталіцкі святар Вячаслаў Барок заклікае ўшанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы хвілінай маўчання. Гучаць званы. Публіка прыціхае.
«Чарнобыль у нашай свядомасці стаў сімвалам анёла смерці. Гэта сімвал зла, з якім чалавек на гэтым свеце не спраўляецца. Паўстае пытанне: у чым крыніца гэтага зла? Чаму яно стала магчымым?.. Нехта хутка дае памылковы адказ: атам ва ўсім вінаваты. Не, дарагія сябры! Не атам з'яўляецца крыніцай зла. Атам сапраўдны, у ім усё адбываецца паводле натуральных законаў. Крыніцай зла катастрофы ў Чарнобылі ёсць хлусня. Праз хлусню праектавалася гэтая АЭС, праз хлусню здавалася ў эксплуатацыю, праз хлусню аддаваліся загады, каб павысіць паказчыкі праз хлусню - дзеля прапаганды. Хлусня і ёсць прычына ўсякага зла! – Сцвярджае ў сваёй прамове ксёндз Вячаслаў Барок.
«Не было б Чарнобыльскай катастрофы, калі б у нашых сэрцах не было хлусні» - дадае ён.
З іншага боку, заўважае выступоўца, «Чарнобыль стаў адным з фінальных цвікоў у труну Савецкага Саюза». Таму не трэба баяцца будучыні з яго магчымымі ўзрушэннямі. Калі яны і будуць, то лепш спадзявацца на тое, што яны стануць чарговымі цвікамі «ў труну той імперыі зла, якая сёння не дае нам свабодна жыць і свабодна дыхаць ні ў Беларусі, ні ва ўсім свеце».

«Мы будзем змагацца за праўду»
Аб хлусні, на якой была пабудаваная савецкая сістэма, казаў падчас мітынгу і намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.
«Гэта яшчэ раз падкрэслівае, як важна нам будаваць свабоду слова. Бо толькі гэта можа абараніць нас ад яшчэ больш трагічных наступстваў жахлівых тэхнагенных катастроф», - заўважае Павел Латушка.
Каб у будучыні не было такіх трагедый, дадае спікер, вельмі важна, каб урады былі сфармаваныя народам, каб былі абраныя дэмакратычным шляхам, «бо толькі ў гэтым выпадку яны будуць вымушаныя размаўляць з людзьмі і казаць ім праўду».
Латушка паведамляе таксама аб прынятай Каардынацыйнай радай заяве з нагоды 39-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
«Чарнобыльская трагедыя стала для Беларусі не толькі экалагічнай, але і палітычнай, сацыяльнай і гуманітарнай праблемай, якая патрабуе асаблівай увагі і адказнасці. Гэта напамінак пра тое, што нельга ўтойваць праўду ад людзей», - гаворыцца ў заяве КР.
Павал Латушка прыгадвае, як шмат беларусаў збіралася на Чарнобыльскі шлях у канцы 1990-х у Менску і іншых гарадах краіны.
«Можа сёння нас мала тут, у Варшаве. Шкада, не будзем гэтага хаваць. Але Лукашэнка сваімі рукамі, на жаль, дацягнуўся і сюды - ён карае людзей за іх пазіцыю, за іх жаданне казаць праўду тут. Але важна, што вы дайшлі! Я дзякую кожнаму і кожнаму з вас. Вельмі важна, што мы даносім праўду ў Беларусь. Я перакананы, што інфармацыя пра нашу сённяшнюю сустрэчу дойдзе да тых людзей, якія выходзілі на Чарнобыльскі шлях, напрыклад, у 1996-м, і сагрэе, магчыма, у нейкім сэнсе іх сэрца», – падсумоўвае Павел Латушка.
«Пашана і павага ўсім тым, хто ліквідаваў наступствы гэтай жахлівай катастрофы! А мы будзем весці барацьбу за праўду. Бо праўда - гэта і адказнасць. І Лукашэнка панясе адказнасць за хлусню і за тое, што пазбаўляе нас праўды, за тое, што чыніць злачынствы!» - дадае ў канцы выступу Павел Латушка.
«Гэта было наўмысным забойствам людзей»
Выканаўца абавязкаў прадстаўніка ў нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Баркоўскі заўважае ў сваёй прамове, што прычынай катастрофы была не толькі хлусня - «былі тры вершнікі Апакаліпсісу».
«Анёл смерці над Беларуссю». У Варшаве прайшоў мітынг памяці ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС
26 красавіка на плошчы Дэфілад у Варшаве адбыўся мітынг-рэквіем з нагоды 39-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Арганізатары акцыі гавораць, што і амаль праз 40 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС...
«Гэта страх, гэта гатоўнасць ісці на злачынства і гэта цынізм. Таму што тагачасныя ўлады баяліся свайго народа. Ім было страшна казаць, што яны вінаватыя ў трагедыі і што павінны несці адказнасць за тэхналогіі, якія выкарыстоўваюць. А далей было фактычнае злачынства, калі, спрабуючы ліквідаваць наступствы катастрофы, улады пачалі збіваць хмары над тэрыторыямі Беларусі і Украіны. Гэта было наўмысным забойствам людзей. А потым быў цынізм, калі кіраўнікі, дакладна ведаючы, што здарылася, пастанавілі, што прапаганда і ідэалогія важнейшыя за жыццё людзей. І выгналі іх на першамайскія дэманстрацыі. Цынізм і злачынства ў адным флаконе» - кажа Павел Баркоўскі.
На думку Баркоўскага, усё гэта застаецца пагрозай і сёння, а мірны атам - «бомба запаволенага дзеяння». Гэтая бомба можа падарвацца, калі дзяржава «ненадзейна кантралюе тое, што адбываецца ў краіне».
«А ці кантралюе сёння гэта лукашэнкаўская ўлада? Ці нясе адказнасць за тыя працэсы, якія адбываюцца на Астравецкай АЭС?.. Мы толькі чуем, што яе ўвесь час даводзіцца спыняць, што не зусім уласціва для эксплуатацыі атамных станцый. І ці кантралюе ўлада тую атамную зброю, якую павінны завезці ці ўжо завезлі на тэрыторыю Беларусі? Выяўляецца, і гэта яна не надта кантралюе. Не яна будзе націскаць тыя кнопкі пры запуску, але наступствы адчуе кожны беларус», - папярэджвае Павел Баркоўскі.

«У Беларусі дзве трагедыі: Чарнобыль і Лукашэнка»
Лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык называе дзень 26 красавіка «пякельным днём» («У Беларусі дзве трагедыі - Чарнобыль і Лукашэнка») і нагадвае, што Чарнобыльскія шляхі, якія праводзіліся ў Беларусі, былі не толькі перамогамі, але «і нашымі паразамі».
«Паразай было тое, што, нягледзячы на ўсе нашыя пратэсты, была пабудаваная АЭС у Астраўцы. І гэта станцыя была пабудаваная ў мілітарных мэтах. Астравецкая АЭС, фактычна, гэта расейская атамная бомба на мяжы з Еўразвязам. Масква рыхтуецца да вайны ўжо 30 гадоў, са слоў Лаўрова. Станцыя стаіць. Яна і сёння пагражае беларусам і нашым суседзям», - кажа Вячаслаў Сіўчык.
Палітык заклікае ўзгадаць у гэты дзень былых старшыняў аргкамітэта Чарнобыльскага шляху – сяброў БНФ Генадзя Грушавога, Івана Нікітчанку, Юрыя Хадыку, якія адыгралі вялізную ролю на ўсіх этапах. І асабліва - у 1996 годзе, калі менавіта Чарнобыльскі шлях, як кажа Сіўчык, «паказаў Маскве, што з Беларуссю ім проста не будзе, што беларусы - гэта нацыя, што Беларусь і Лукашэнка - розныя рэчы».
Вячаслаў Сіўчык узгадвае таксама палітычных зняволеных - палітыка Паўла Севярынца і былога кіраўніка ліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука, якія ў свой час мелі дачыненне да арганізацыі «Чарнобыльскага шляху» ў Беларусі.
На мітынгу была прынятая рэзалюцыя, прымеркаваная да 39-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Яе абвясціў сустаршыня руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў. Аўтары рэзалюцыі заклікаюць улады Беларусі, зрэшты, спыніць і вывесці з эксплуатацыі Астравецкую АЭС «як небяспечную і непатрэбную» і вярнуць Беларусь да бяз'ядзернага, нейтральнага статусу. Патрабуюць таксама вызвалення з турмаў экалагічных актывістаў і іншых палітвязняў, у тым ліку ўдзельнікаў антыядзернага руху.
Дакумент заклікае міжнародную супольнасць кваліфікаваць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі як парушэнне прынцыпаў калектыўнай бяспекі. А таксама - праявіць салідарнасць з украінскім народам, які зазнае ядзерную пагрозу падчас ваеннай агрэсіі з боку Расеі.