У Літве заявілі аб намерах вырабляць швэдскія бронемашыны CV90
- 27.04.2025, 12:29
- 1,944

Дасягнутая папярэдняя дамоўленасць.
Блізу траціны швэдскіх баявых машын пяхоты CV90, якія маюць намер закупіць краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі, плануюць збіраць у Літве.
Пра гэта заявіў літоўскі прэм'ер-міністр Гінтаўтас Палуцкас, якога цытуе LRT.
З яго слоў, папярэдняя дамоўленасць палягае ў тым, каб амаль 30 адсоткаў бронемашын пяхоты CV90 маглі збіраць у Літве.
«Гэта значыць, каб у ланцужок паставак былі ўключаныя літоўскія прадпрыемствы», - заявіў прэм'ер-міністр Літвы.
Агулам краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі супольна плануюць закупіць блізу тысячы баявых машын пяхоты, дадаў Палуцкас.
«Літве дастанецца блізу сотні, але чакаецца, што ў працэсе вытворчасці ўсёй тысячы возьме ўдзел і літоўскі бізнэс», - адзначыў ён.
Палуцкас таксама дадаў, што швэдская абаронная прамысловасць разглядае прапанову аб будаўніцтве ў Літве зброевых заводаў, частка прадукцыі якіх заставалася б у краіне.
«Швэдскай абароннай прамысловасці прапанавалі, каб яна разам з дзяржавай далучылася да супольных праектаў у будаўніцтве пэўных абаронных заводаў і фабрык, дзе выраблялася б сучасная зброя, частка якой паступала б на нашы склады, а частка прадавалася б на рынку. Яны разглядаюць гэтую прапанову», - распавёў кіраўнік урада Літвы.
Раней швэдскі прэм'ер-міністр Ульф Крыстэрсан заявіў, што Фінляндыя, Нарвегія, Швэцыя і Літва плануюць супольна закупіць сотні баявых машын CV90.