ШІ захопіць працоўныя месцы
14- 27.04.2025, 20:36
- 7,768

Якія прафесіі будуць пад ударам.
Праз штучны інтэлект працу страцяць прыкладна 300 мільёнаў чалавек. Да такой высновы прыйшлі ў Goldman Sachs, паведамляе Forbes.
Згодна з прагнозам, 25% сусветнага рынку працы будзе аўтаматызавана. У той самы час, як адзначылі эксперты, ШІ менш за ўсё пагражае працаёмкім прафесіям, такім як будаўнікі, мантажнікі і супрацоўнікі ў сферы абслугоўвання.
Паводле прагнозу міністра фінансаў ЗША Скота Бэсэнта, ШІ можа павысіць канкурэнтаздольнасць Амерыкі. Да 2040 штучны інтэлект, хутчэй за ўсё, аўтаматызуе або пераўтворыць 50–60% працоўных месцаў, а поўнае ягонае дамінаванне (80% і вышэй) стане магчымым да 2050, калі будуць уносіцца сталыя інавацыі.
Эксперты мяркуюць, што некаторыя працоўныя месцы спыняць існаванне праз развіццё ШІ. Пад удар трапяць людзі, якія займаюцца ўводам звестак, планаваннем і абслугоўваннем кліентаў. Іх, як адзначаюць эксперты, ужо выцясняюць інструменты ШІ, такія як чат-боты і рабатызаваная аўтаматызацыя працэсаў.
Інстытут даследаванняў дзяржаўнай палітыкі ў 2024 годзе прыйшоў да высновы, што 60 адсоткаў адміністрацыйных задачаў паддаюцца аўтаматызацыі. Лары Фінк, генеральны дырэктар Black Rock, адзначыў, што ягоная кампанія аптымізуе функцыі бэк-офісу з дапамогай ШІ, скарачаючы выдаткі. Гэтыя ролі, якія патрабуюць паўтору апрацоўкі звестак, у найбліжэйшай будучыні састарэюць, паколькі дакладнасць ШІ паляпшаецца.
Таксама адзначана, што штучны інтэлект ужо можа займацца бухгалтарскім улікам, фінансавым мадэляваннем і базавым аналізам звестак, паколькі ШІ можа апрацоўваць лічбы і генераваць справаздачы хутчэй, чым людзі.
Паводле прагнозу Джэймі Даймана, генеральнага дырэктара JPMorgan Chase, да 2030 года 20% аналітычных роляў у банкаўскай сферы будзе пад пагрозай.
Апроч іншага, праца памочніка юрыста, складанне кантрактаў і юрыдычныя даследаванні таксама можа выконвацца такімі прыладамі ШІ, як Harvey і CoCounsel. Яны аўтаматызуюць аналіз дакументаў з дакладнасцю 90 адсоткаў. Макраінвестар і заснавальнік хэдж-фонду Bridgewater Рэй Даліа папярэдзіў, што штучны інтэлект здольны аналізаваць велізарныя наборы звестак, што ставіць пад пагрозу ролі, звязаныя з даследаваннямі, у акадэмічным асяроддзі і кансалтынгу.
Таксама мяркуецца, што да 2035 года могуць быць аўтаматызаваныя 30% працоўных месцаў у сферы СМІ. Паводле прагнозу, кантэнт, створаны ШІ, неўзабаве будзе дамінаваць у рэкламе, хоць чалавечая творчасць у апавяданні і высокім мастацтве захаваецца даўжэй, затрымліваючы поўную аўтаматызацыю.
У сваю чаргу, у справаздачы Сусветнага эканамічнага форуму адзначаецца, што да 2040 года 40% задачаў у сферы праграмавання можна будзе аўтаматызаваць, хоць складаныя інавацыі, такія як прарыўныя даследаванні і распрацоўкі, будуць даўжэй заставацца пад кантролем чалавека.
Таксама ШІ можа нанесці ўдар па медыцынскай сферы. Згодна з вынікамі даследавання Lancet, 25% медыцынскіх адміністрацыйных задачаў могуць знікнуць да 2035 года, аднак догляд пацыентаў будзе патрабаваць чалавечага даверу. У сферы адукацыі, як пішуць журналісты, толькі 10 адсоткаў задачаў будзе аўтаматызавана да 2040 года.