Саміт NАТО ў Гаазе: што будуць абмяркоўваць і якія чаканні Украіны
2- 28.04.2025, 14:03
- 3,632

Гэты саміт можа стаць вызначальным.
Украіна рыхтуецца да саміту NАТО, які пройдзе з 24 да 26 чэрвеня ў нідэрландскім горадзе Гаага. На сустрэчы кіраўнікі краін-чальцоў Альянсу разгледзяць пытанне аб уступленні Украіны ў NАТО.
Гэты саміт можа стаць вызначальным на шляху будучыні сяброўства Украіны ў блоку. Аб гэтым у эфіры тэлеканала FREEДОМ сёння, 28 красавіка, сказаў экспэрт аналітычнага цэнтра "Аб'яднаная Украіна" Ігар Папоў.
Удзельнікамі саміту стануць дэлегацыі 32 краін-чальцоў Паўночнаатлантычнага альянсу.
- Цяпер адзін з важных пунктаў для ўкраінскай дыпламатыі - падрыхтоўка да саміту NАТО ў Гаазе, які адбудзецца ўжо праз паўтара месяца. Курс Украіны на сяброўства ў ЕЗ і NАТО з'яўляецца важным для мірнага ўрэгулявання вайны Расеі супраць Украіны. РФ неаднаразова патрабавала адмовы Украіны ад уступлення ў NАТО, але мы заўсёды імкнуліся атрымаць сяброўства ў Альянсе, - сказаў спікер.
Паводле ягоных слоў, першая задача ўкраінскай стараны на будучым саміце - атрымаць рэзалюцыю ў Гаазе, якая падмацоўвае мінулыя рэзалюцыі Вашынгтонскага саміту аб незваротным шляху Украіны ў NАТО.
- Другое пытанне, над якім працуе ўкраінская дыпламатыя, - выдача Украіне гарантый паводле 5-га артыкула NАТО без уступлення ў Альянс. Гэта можа стаць адной з гарантый бяспекі для нашай краіны пасля спынення агню, калі Расея пачне новую вайну. Гэта значыць, каб некалькі краін NАТО ўзялі на сябе абавязанне ўступіць у вайну ў такім выпадку. Але напраўду гэта прапісваецца менавіта для таго, каб новая агрэсія не пачалася. І гэта вельмі цяжкая задача, - адзначыў палітолаг.
Украіне трэба прайсці яшчэ доўгі шлях, каб стаць чальцом NАТО, мяркуе Папоў. Аднак у замежнай палітыцы краіны збліжэнне з ЕЗ і NАТО застаецца асноўным прыярытэтам.