З трох памяшканняў закрытай клінікі «Новы зрок» на таргах удалося прадаць толькі адно
1- 28.04.2025, 15:23
- 1,554

Яно сышло з малатка за $235 тысяч.
На мінулым тыдні, 24 красавіка, павінны былі адбыцца таргі для трох памяшканняў, дзе раней знаходзіліся афтальмалагічныя клінікі прыватнай кампаніі "Новы зрок", якую спачатку пазбавілі ліцэнзіі, а потым ліквідавалі.
У выніку з трох аб'ектаў удалося прадаць толькі адзін — у Магілёве, паведамляе Office Life са спасылкай на гандлёвую пляцоўку "БелЮрЗабеспячэнне".
На аўкцыёне ў Магілёве прадалі ізаляванае памяшканне на адрасе: пр-т Міра, 6-8, плошчай 388,8 кв. м. Стартавая цана там была - 734 тысяч рублёў. У выніку памяшканне сышло з малатка нават даражэй - за 770,7 тыс.
Гэта не дзіўна. Месца, дзе знаходзілася клініка, размешчанае побач з гандлёвым цэнтрам на скрыжаванні пр-та Міра і вул. Касманаўтаў. Там знаходзяцца аддзяленні банкаў, вялікая крама «Скрыжаванне», шмат іншых гандлёвых пунктаў і кавярняў. І вядома, гэта аб'ект з вельмі добрай праходнасцю.
Што да двух іншых памяшканняў — у Гародні і Гомелі, то для іх таргі не адбыліся. У Гародні быў толькі адзін удзельнік, а ў Гомелі іх не было ўвогуле, ды і кошт у гэтым горадзе быў даволі высокім — 1,14 млн рублёў.
Нагадаем, Міністэрства аховы здароўя пазбавіла клініку «Новы зрок» ліцэнзіі ў 2023 годзе. Нагодай сталі парушэнні заканадаўства аб ліцэнзаванні. А яе ўладальнік - бізнэсовец Алег Каўрыгін - з'ехаў з Беларусі. Восенню 2024 года яго завочна прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі.