«Майму шчасцю не было мяжы»
11- 28.04.2025, 21:25
- 13,030

Беларус параўнаў дапамогу беспрацоўным у Польшчы, Літве і Беларусі.
Напаткала мяне бяда — патрапіў я пад кадравае скарачэнне, напісаў у рэдакцыю Charter97.org чытач Мікола з Беластока.
Пошук працы — справа нялёгкая, а за мяжой гэта ўжо задача з зорачкай. Пайшоў я станавіцца на ўлік як беспрацоўны, бо гэта дае мне магчымасць мець дзяржаўнае медычнае абслугоўванне.
А там, запоўніўшы ўсе паперы, высветліў, што мне на працягу першых трох месяцаў будуць выплачваць дапамогу на суму амаль 300 €, а ў наступныя 3 месяцы сума зменшыцца прыблізна да 250. Шчасцю майму не было канца. Ведама ж, на гэтыя грошы я сям’ёй не пражывеш, але ж і яны ў цяжкую часіну не лішнія.
Затэлефанаваў я свайму сябру падзяліцца сваёй радасцю і шокам. А ён смяецца ды кажа, што гэта дробязь. Вось у Літве, маўляў, дапамога складае д’ябальскі лік 666 (еўраў). Я ажно рот разявіў. Няўжо можа быць такая высокая дапамога!
Ды згадалася мне лукашысцкая “сацыяльная дзяржава”. Меў я досвед пастаноўкі на ўлік як беспрацоўны і ў Беларусі. Сказаць, што ты бярэш рэальную дапамогу — гэта нічога не сказаць. На сёння беспрацоўны Беларусі можа прэтэндаваць на 40 беларускіх рублёў або 13 даляраў.
Смешна, але за гэтыя грошы чалавек яшчэ мусіць адпрацаваць на грамадскіх работах 5(!) дзён штомесяц.
Такім чынам рэжым выкарыстоўвае рабскую працу людзей, якія трапілі ў акрутную сітуацыю, і плаціць ім за адпрацаваны дзень 8 рублёў.
Падаецца мне, што палачка працадня за саветамі больш важыла, чым падачка ад рэжыму беспрацоўнаму. Так што размовы пра прывабнасць “сацыяльнай дзяржавы” ў нас толькі на экранах БТ. Не трэба беларусам прыгожыя лозунгі, дастаткова паглядзець на рэальныя лічбы.