Міністр абароны Пакістана назваў непазбежным уварванне Індыі
24- 28.04.2025, 18:05
- 6,348

Пакістан знаходзіцца ў стане падвышанай гатоўнасці.
Ваеннае ўварванне Індыі ў Пакістан непазбежнае, заявіў Reuters пакістанскі міністр абароны Хаваджа Мухамад Асіф.
«Мы ўмацавалі нашыя сілы, бо гэта [уварванне] цяпер непазбежнае. Таму ў гэтай сітуацыі неабходна прыняць некаторыя стратэгічныя пастановы, і гэтыя пастановы былі прынятыя», - сказаў Асіф.
З яго слоў, вайскоўцы праінфармавалі ўрад аб магчымасці нападзення з боку Індыі.
Кіраўнік Мінабароны паведаміў, што краіна знаходзіцца ў стане падвышанай гатоўнасці, але падкрэсліў, што яна можа выкарыстаць ядзерную зброю толькі ў выпадку наўпроставай пагрозы існаванню дзяржавы. Пакістан, як і Індыя, валодае ядзернай зброяй.
Дачыненні паміж Індыяй і Пакістанам абвастрыліся пасля таго, як у Палахгаме (на саюзнай тэрыторыі Джаму і Кашмір - спрэчнай тэрыторыі, на якую прэтэндуюць і Індыя, і Пакістан, знаходзіцца пад кантролем Індыі) былі забітыя 26 турыстаў. Нью-Дэлі абвінаваціў у тэракце Ісламабад. Той адмаўляе сваё дачыненне да здарэння.
Індыя і Пакістан закрылі мяжу і рыхтуюцца да ваенных дзеянняў. На мяжы пачаліся перастрэлкі. Нью-Дэлі правёў пускі супрацькарабельных ракет, каб паказаць гатоўнасць «да нанясення высокадакладных наступальных удараў на вялікай далёкасці». У пакістанскім Мінабароны папярэдзілі, што калі Індыя паспрабуе ўварвацца ў краіну або атакаваць яе, то сустрэне «больш за прапарцыйны адказ».