Расследаванне: журналістку Рошчыну, якая загінула ў расейскім палоне, жорстка катавалі
19- 29.04.2025, 15:37
- 14,218

Цела было вернута ва Украіну без часткі ўнутраных органаў.
Цела загінулай у расейскім палоне ўкраінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай было вернута ва Украіну без часткі ўнутраных органаў і са шматлікімі слядамі катаванняў.
Як паведамляе «Радыё Свабода», пра гэта гаворыцца ў расследаванні, праведзеным дванаццаццю СМІ з шасці краін на чале з французскім кансорцыумам журналістаў Forbidden Stories. Сабраныя звесткі аб'яднаныя ў агульны праект "Victoria Project". У расследаванні ўдзельнічалі выданні "Украінская праўда" і "Важные истории".
Улетку 2023 года Вікторыя Рошчына паехала на акупаваныя Расеяй тэрыторыі, каб знайсці месцы, дзе трымаюць выкрадзеных украінцаў, і знікла сама. Праз паўтара гады яе цела вярнулі са слядамі катаванняў.
Пра тое, што цела Рошчынай было вернута ва Украіну пры абмене целамі загінулых у лютым гэтага года, стала вядома на мінулым тыдні. Перададзеныя тады Украіне целы былі размеркаваны па трупярнях для правядзення працэдуры апазнання. Як высветлілі журналісты, морг у Вінніцы атрымаў пакет з надпісам "неапазнаны мужчына". У ім ляжала цела жанчыны "ў стане глыбокай замарозкі" і крайняга знясілення, на галёнцы была бірка "7390 Рошчына В. В.".
Экспэртыза паказала супадзенне з ДНК бацькоў Рошчынай.
Праз стан цела экспэртам не ўдалося ўстанавіць непасрэдную прычыну смерці Вікторыі Рошчынай. На целе адсутнічалі вочныя яблыкі, мозг, частка гартані, а пад'язычная костка была зламаная.
Прадстаўнік офіса генпракурора Украіны Юры Белавусаў распавёў «Важным историям», што судмедэкспэрты выявілі на целе «шматлікія прыкметы катаванняў і жорсткага абыходжання: ранкі і кровазліццё на розных частках цела, зламанае рабро, пашкоджанне шыі і магчымыя сляды ад ужывання электратоку на ступнях».
Са слоў сукамерніц Рошчынай вядома, што яна была затрымана ў Энэргпдары, а затым пераведзеная ў Мелітопаль, дзе чатыры месяцы зазнавала катаванні. У СІЗА-2 горада Таганрога яна была этапаваная ўжо ў крытычным стане. Летам 2024 года Рошчыну забралі ў шпіталь на насілках. Ці атрымала яна там лячэнне, невядома, пасля лякарні яе перавялі ў асобную камеру. Апошні раз журналістку бачылі жывой 8 верасня 2024 года, тады яе вывелі з камеры ў невядомым кірунку.
Вікторыя Рошчына размаўляла з бацькам праз тэлефон у жніўні 2024 года і казала, што ў верасні будзе дома. Са звестак вайсковай выведкі Украіны, Рошчына была ў спісах на абмен. Але ў вераснёўскім абмене палоннымі яна не ўдзельнічала.
Міністэрства абароны Расеі сцвярджае, што Вікторыя Рошчына памерла 19 верасня 2024 года. Па факце гібелі Рошчынай генеральная пракуратура Украіны распачала крымінальную справу паводле артыкулаў парушэнне законаў і звычаяў вайны і наўмыснае забойства.