Зорка NFL адмовіўся прыехаць у Белы дом на чэмпіёнскі прыём да Трампа
1- 29.04.2025, 19:03
- 2,562

Галоўная зорка пераможцы Супербоўла адсутнічаў праз «канфлікт у раскладзе».
Пераможца Супербоўла, вызначальнага матчу Нацыянальнай футбольнай лігі (NFL, амерыканскі футбол), «Філадэльфія Іглз» наведаў Белы дом без сваёй галоўнай зоркі – Джэйлена Хёртса. Пра гэта паведамляе CNN.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыняў чэмпіёнаў NFL, сфатаграфаваўся з камандай, пагутарыў з гульцамі, якія ўручылі яму майку «Іглз» з надпісам Trump 47. Але на прыёме не было квотэрбэка і MVP Супербоўла Хёртса, як заявіў прадстаўнік Белага дому, праз «канфлікт у раскладзе». На мінулым тыдні Хёртс ухіліўся ад пытання, ці будзе ён асабіста святкаваць перамогу каманды ў Супербоўле ў Белым доме.
Трамп падчас сваёй прамовы пахваліў Хёртса, назваўшы яго «ўзрушальным хлопцам і ўзрушальным гульцом», а «Іглз» – «неверагоднай камандай».
Прыём у Белым доме прапусцілі яшчэ некалькі гульцоў «Філадэльфіі»: Эй Джэй Браўн, Дэвонта Сміт, Зак Баўн, Брэндан Грэм, Джош Суіт і Джален Картэр.
У 2018 годзе, падчас першага тэрміну Трампа, «Іглз» пастанавілі не святкаваць сваю першую перамогу ў Супербоўле ў Белым доме, што выклікала буру крытыкі з боку прэзідэнта.
У мінулым сезоне «Філадэльфія» ў матчы за Супербоўл падолела «Канзас-Сіці Чыфс» з лікам 40:22.