У Гішпаніі пастанавілі праверыць версію пра кібертэрарызм у сувязі з блэкаўтам
5- 29.04.2025, 19:09
- 1,868

Нацыянальны суд Гішпаніі запытае справаздачы спецслужбаў і аператара электрасетак.
Нацыянальны суд Гішпаніі ўхваліў пачатак папярэдняга расследавання версіі пра тое, што прычынай маштабнага блэкаўту мог стаць акт кібертэрарызму, піша Europa Press са спасылкай на судовую пастанову.
Хоць прычына масавых перабояў у працы электрасетак застаецца невядомай, «кібертэрарызм з'яўляецца адным з магчымых варыянтаў», таму неабходна пачаць судовае расследаванне, гаворыцца ў дакуменце. Суд запытае справаздачы пра тое, што адбылося, у Нацыянальнага выведнага цэнтра (CNI) і аператара электрасетак Red Eléctrica, дакументы павінны быць пададзеныя цягам дзесяці дзён. У выпадку пацверджання версіі пра хакерскую атаку інцыдэнт можа быць расцэнены як «тэрарыстычнае злачынства» ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам каралеўства, адзначае Europa Press.
У Red Eléctrica выключылі сувязь блэкаўту з кібератакай. Прэм'ер-міністр Гішпаніі Педра Санчэс, каментуючы справаздачу аператара, анансаваў «незалежнае расследаванне» з выкарыстаннем «усіх неабходных рэсурсаў».
«Мы будзем змушаць прыватных аператараў да адказнасці ва ўсіх адпаведных пытаннях. З гэтай мэтай урад Гішпаніі ў рамках Рады нацыянальнай бяспекі стварыў камісію для расследавання на чале з Міністэрствам экалагічнага пераходу і дэмаграфічнага выкліку», – сказаў ён.
Раніцай 28 красавіка пачаліся адключэнні святла на Пірэнейскім паўвостраве, якія закранулі Гішпанію, Партугалію, Бельгію і Андору. Гэта прывяло да збояў у працы транспарту, аэрапортаў, банкаў, крамаў і мабільнай сувязі. Паводле ацэнак Financial Times, энэргасістэмы Гішпаніі і Партугаліі страцілі больш за 10 ГВт магутнасці, і цяперашні блэкаўт стаў адным з найбуйнейшых у найноўшай гісторыі Еўропы. Аднавіць электразабеспячэнне ўдалося толькі днём 29 красавіка.