У РФ зафіксаваны рэкордны з 2008 года дэфіцыт кадраў
1- 29.04.2025, 20:28
- 3,152

Звесткі Расстата.
У 2024 годзе кадравы дэфіцыт у Расеі дасягнуў 7,6% ад агульнай колькасці занятых – гэта 2,2 мільёна чалавек з 27,2 мільёна. Такі ўзровень стаў антырэкордным за ўвесь час назіранняў з 2008 года, паведамляе праект «Калі быць дакладным» са спасылкай на звесткі Расстата. Гэты паказнік удвая вышэйшы, чым у 2020 годзе (3,7%), і істотна перасягнуў узровень 2022 года (5,4%).
Найбольшае запатрабаванне ў кадрах зафіксавана сярод кіроўцаў (216 тысячаў чалавек), працоўных прамысловых прадпрыемстваў і механікаў (166 тысячаў), інжынераў (141 тысяча), будаўнікоў і рознарабочых (112 тысячаў), а таксама аператараў абсталявання (101 тысяча). Адносна агульнай колькасці працаўнікоў асабліва востра дэфіцыт адчуваецца ў сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы – больш за 15% працоўных месцаў застаюцца вакантнымі. Сур'ёзная нястача кадраў таксама назіраецца сярод некваліфікаваных працоўных у прамысловасці і будаўніцтве – блізу 13%.
Найбольш напружаная сітуацыя на рынку працы адзначаная ў Севастопалі (16,3%), Чукоцкай аўтаномнай акрузе (12,1%), Камчацкім краі (11,9%), Маскоўскай вобласці (11%) і Магаданскай вобласці (10,7%). Нават буйныя гарады адчуваюць дэфіцыт працоўнай сілы: у Маскве ён складае 9,4%, у Санкт-Пецярбургу – 8,3%. У той самы час у бедных рэгіёнах кадравы дэфіцыт практычна не адчуваецца: у Інгушэціі ён складае 0,4%, у Чачні – 1,1%, у Дагестане – 2,1%, а ў Туве – 3%.
Паводле апытання кампаній, апублікаванага Цэнтрабанкам Расеі ў сярэдзіне красавіка, забяспечанасць кадрамі ў першым квартале 2025 года застаецца на ўзроўні, блізкім да гістарычнага мінімуму, зафіксаванага ў трэцім і чацвёртым кварталах 2024 года. Найбольшыя цяжкасці з падборам супрацоўнікаў, паводле звестак ЦБ, адчуваюць прадпрыемствы апрацоўчай прамысловасці. Таксама востра нястача адчуваецца ў кампаніях, якім неабходныя кваліфікаваныя адмыслоўцы, і ў арганізацыях, залежных ад працоўных прафесій.
Абвастрэнне кадравага крызісу наўпрост звязанае з наступствамі поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, распачатай Уладзімірам Пуціным у 2022 годзе. У першы год баявых дзеянняў было мабілізавана блізу 300 тысячаў працаздольных мужчынаў. Адначасова, паводле розных ацэнак, ад 650 тысячаў да 1,1 мільёна чалавек пакінулі краіну, пратэстуючы супраць палітыкі Крамля і ратуючыся ад мабілізацыі.
У наступныя два гады вярбоўка ў войска яшчэ больш за 700 тысячаў чалавек толькі пагоршыла сітуацыю. Так, паводле заявы Уладзіміра Пуціна, у 2023 годзе кантракты з Мінабароны РФ падпісалі больш за 300 тысячаў расейцаў. А ў 2024 годзе, паводле звестак намесніка старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева, колькасць такіх кантрактаў склала амаль 440 тысячаў.