Лукашэнка прыніжана апраўдваўся на перамовах з Пуціным
37- 30.04.2025, 8:23
- 27,360

Дыктатар прасіў не звяртаць увагі на «негатыўныя выказванні».
У Беларусі "ніхто ні ў якім разе не забараняе георгіеўскія стужачкі", заявіў Аляксандр Лукашэнка на перамовах з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у Валгаградзе 29 красавіка, паведамляе БелТА.
На сустрэчы з расейскім дыктатарам Лукашэнка патлумачыў, што «ў Беларусі апроч шэсця «Бессмяротнага палка», якое праводзіцца з ініцыятывы Расеі, у рамках якога ў якасці сімволікі выкарыстоўваецца георгіеўская стужачка, моладзь раней ініцыявала штогадовую акцыю «Беларусь памятае».
— Калі вы пачыналі шэсце «Бессмяротны полк», мы ў Беларусі гэтым шляхам пайшлі. Але моладзь паралельна з георгіеўскімі стужачкамі і шэсцем палка [ініцыявала акцыю] «Беларусь памятае». І ніхто не забараняе ні ў якім разе георгіеўскія стужачкі. Хаця я пацікавіўся гісторыяй. Раю, вось вазьміце, няхай вам дадуць гісторыкі ўсю інфармацыю пра георгіеўскую стужачку. Мы гэта не адмаўляем. Хаця своеасаблівая ўсё ж гісторыя гэтай георгіеўскай стужачкі, — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён дадаў, што «нічога дрэннага» не бачыць, «калі хтосьці хоча георгіеўскую стужку».
- Хтосьці хоча «Беларусь памятае» - гэтыя знакі. Разам ідуць там нічога не дзеліць. Ніхто там нічога не дзеліць. Ну камусьці ж трэба пашумець, - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён параіў Пуціну «не звяртаць увагі на асобныя негатыўныя выказванні на гэты конт».
— У нас ідэя абсалютна аднолькавая. Вы нашы ідэі ведаеце, мы ведаем расейскія. Гэта адна Айчына, як я кажу, ад Берасця да Уладзівастока, - запэўніў Лукашэнка.