Генерал-лейтэнант УСУ: Лукашэнка можа пачаць адкрытую вайну супраць Украіны
13- 30.04.2025, 12:19
- 7,158

Дыктатар усяляк садзейнічае расейскай агрэсіі.
Расея запланавала шырокамаштабны наступ на фронце, але на сёння ў яе няма для гэтага рэсурсаў, у сувязі з гэтым можна меркаваць, што Беларусь адкрыта ўступіць у вайну.
Пра гэта сказаў генерал-лейтэнант у адстаўцы, былы намеснік начальніка Генштаба УСУ Ігар Раманенка ў эфіры «Общественного». Ён адзначыў, што РФ пад выглядам вучэнняў у Беларусі можа рыхтаваць наступ з удзелам беларускіх вайскоўцаў.
«Гэтая краіна ўсяляк спрыяла РФ у гэтай вайне - перадавала сваё ўзбраенне, тэхніку, давала магчымасць праводзіць трэніроўкі на палігонах і свае аэрадромы для авіяцыі, лячыла расейскіх вайскоўцаў», - пералічыў ён.
Таму, перакананы Раманенка, нельга выключаць магчымасці наўпроставага прыцягнення вайскоўцаў Беларусі да вайны. «Трэба падыходзіць з пункту гледжання вайсковых - ёсць некалькі сцэнараў далейшых дзеянняў і ў тым ліку найгоршы, што яны пачнуць гэтыя дзеянні», - адзначыў Раманенка.
Пры гэтым эксперт нагадаў, што РФ анансавала шырокамаштабны наступ на фронце. З яго слоў, першы этап ужо адбываецца, але ворагу бракуе рэсурсу. Ён адзначыў, што расейцы набіраюць 160 тысяч чалавек за гэты год, каб потым жаўнеры тэрміновай службы замянілі тых, хто цяпер на фронце. Раманенка мяркуе, што другі этап шырокага наступлення адбудзецца ўлетку і ўвосень.
«Ёсць глеба для таго, каб мог быць рэалізаваны найгоршы сцэнар. Хоць Лукашэнка ўвесь час спрабаваў манеўраваць, каб наўпрост не ўступіць у вайну, разумеючы чым гэта можа для яго скончыцца», - адзначыў эксперт.
Раманенка не выключыў, што вораг можа выкарыстоўваць вучэнні ў Беларусі для ваенных дзеянняў не толькі супраць Украіны, але і супраць краін Балтыі і Польшчы. «Ёсць інфармацыя, што нібыта здабытыя выведкамі планы расейскіх дзеянняў да 2029 года. Наколькі яны будуць рэалізаваныя і калі, залежыць ад многіх абставін», - дадаў ён.