30 красавiка 2025, Серада, 21:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнік з Баранавічаў рассмяшыў беларусаў аповедам пра «ідэальны транспарт»

4
Чыноўнік з Баранавічаў рассмяшыў беларусаў аповедам пра «ідэальны транспарт»

Галоўная прэтэнзія гараджан - у адарванасці ад рэальнасці.

У TikTok з'явіліся ролікі з сустрэчы мясцовых дзяржСМІ (іншых у Беларусі не засталося) са старшынём Баранавіцкага гарвыканкама Максімам Антанюком. У адным з іх чыноўнік закрануў тэму гарадскога грамадскага транспарту. Старшыня Баранавіцкага гарвыканкаму заявіў, што маршруткі ў горадзе «не вытрымалі канкурэнцыі» з аўтобусамі. Гараджане абурыліся, піша BGmedia..

«У нас маршруткі не вытрымалі канкурэнцыі, бо гарадскі аўтобусны парк - найлепшы ў краіне. Гэта прадпрыемства, якое нішчыць стэрэатыпы аб абслугоўванні насельніцтва», - бадзёра заявіў старшыня Баранавіцкага гарвыканкама.

Чыноўнік таксама прывёў жарт ад дарожнікаў: маўляў, аўтобусы так часта ездзяць у горадзе, што «прадушваюць асфальт», ад чаго і з'яўляецца каляіна.

Ролік стаў папулярным у сеціве і з моманту публікацыі набраў 184 тысячы праглядаў і 337 каментароў, якія ператварыліся ў сапраўдную «сцяну плачу». Людзі пішуць аб доўгіх чаканнях транспарту, нязручных маршрутах, адсутнасці наўпроставых злучэнняў паміж раёнамі і практычна поўнай адсутнасці альтэрнатыў.

«Калі прыязджаю з Менска - жахаюся. У горадзе ўсё стаіць на месцы. Паўночны мікрараён наогул як адрэзаны па выходных».

«Паважаны, што вы гаворыце? Была ў вас праездам. Транспарт у вас ходзіць ніяк».

«Выцесніць маршруткі дзеля працы парка аўтобусаў? Самае жудаснае транспартнае забеспячэнне горада! Інтэрвал вялізны. «Кругасветкі» навошта? Людзей у парку недахоп. Дарожнікі і асфальт? Асобная тэма».

«Вось, дзе ўпершыню не пагаджуся з мэрам. Аўтобусы адзін за адным ідуць, а потым чакаеш 32 хвіліны!!! Гэта я пра 16 маршрут!».

«Пакуль дачакаешся аўтобуса - можна памерці. Добра, што горад маленькі і можна дайсці ўсюды пешшу».

Са слоў гараджан, асабліва цяжка даводзіцца жыхарам новых раёнаў - напрыклад, «Паўночны-2» Дабрацца адтуль да паліклінікі, рынку або вакзала часта можна толькі з перасадкамі. Адзін з карыстальнікаў іранізуе – «На сабаках хутчэй дабрацца з Паўночнага да Бараўкоў».

Многія адзначаюць, што скасаванне маршрутак стала для іх асабістай стратай.

«Пасля 18:00 з працы да дома - толькі пешшу. Апошнюю маршрутку прыбралі. Аўтобус ідзе альбо а 17:49, альбо а 19:00. А я працую да шасці!»

Таксама гучыць справядлівае пытанне: ці сапраўды маршруткі зніклі праз канкурэнцыю, ці ім проста не далі працаваць?

«Ім проста не далі ліцэнзій. Не яны ж іх выдаюць - гэта справа Транспартнай інспекцыі!».

«Маршруткі не канкурэнцыі не вытрымалі, а падаткаў вашых і патрабаванняў незлічоных да перавозчыкаў».

«І не важна, што людзі пакутуюць. Галоўнае - прыватнікаў задушыць. Трэба адабраць у яго службовы транспарт - хай чакае свой аўтобус».

Але галоўная прэтэнзія да ўладаў - у адарванасці ад рэальнасці. Людзі адчуваюць, што іх не чуюць, што транспартная сістэма ствараецца «для справаздачы», а не для зручнасці.

«Сам сказаў, сам пасмяяўся».

Каляіны на асфальце праз крыварукіх дарожнікаў і дрэнную якасць асфальту.

«Вось калі б нашыя чыноўнікі паглядзелі, як ходзяць аўтобусы на ўскраінах горада, яны б так не казалі! У паліклініку на Слонімскай шашы дабрацца толькі аўтобусам #3, які ходзіць раз на гадзіну».

«Уся бяда, што гэтыя мэры бяруць інфармацыю з дакладаў. А вось узяў бы ды як-небудзь без папярэджанняў праехаўся па горадзе на транспарце! А потым рабіў высновы!».

Некаторыя зазначаюць, што сітуацыя з транспартам у Баранавічах амаль не змянілася за дзесяцігоддзі.

«30 гадоў таму жыла тут - нічога не змянілася. Як у вялікай вёсцы», - дзеліцца ўспамінамі былая жыхарка.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках