На Нямізе ў Менску дэмантавалі «разумны прыпынак»
6- 30.04.2025, 20:54
- 3,702

Большая частка функцый перастала працаваць.
Калісьці гэты павільён выглядаў як надзея на шчаслівую урбаністычную будучыню. Прыпынак абсталявалі інтэрактыўнымі экранамі, блокамі сілкавання, кнопкамі выкліку экстраных службаў і сістэмай апавяшчэння кіроўцаў аб пасажырах з інваліднасцю.
Ды што там - можна было нават заварыць сабе каву ў чаканні тралейбуса.
Але праз шэсць гадоў «разумных прыпынкаў» у Менску так і не дадалося, а першая ластаўка і зусім спыніла сваё існаванне.
Чаму надумалі адмовіцца ад калісьці інавацыйнага праекта, даведваўся Onliner.by.

У Менскім гарадскім цэнтры нерухомасці (МГЦН) журналістам расказалі, што праект «разумны прыпынак» стартаваў у 2019 годзе як пілотны.
Ідэя ў тым, каб аб'яднаць у адным аб'екце чаканне транспарту, лічбавую навігацыю, гарадское інфармаванне і іншыя сэрвісы.
Але з часам большая частка функцый перастала працаваць. Так, сэнсарныя панэлі і частка партоў сілкавання не функцыянавалі, асобныя кнопкі не адказвалі, а агляд з прыпынку абмяжоўвала рэклама на шкляных сценках.



«У 2024 годзе гарадскія службы пачалі накіроўваць на адрас арандатара афіцыйныя прэтэнзіі аб выкананні дамовы арэнды ў частцы працы ўсіх заяўленых у дамове функцый. Частка заўваг прадпрымальнікі спрабавалі ліквідаваць, але ключавыя элементы, адзін з якіх – праца інфармацыйнага сэнсарнага экрана, так і не былі адноўленыя», – заявілі ў МГЦН.
У выніку гарадскія службы скасавалі дамову ў аднабаковым парадку і ў канцы 2024 года звярнуліся ў суд, каб прымусіць арандатара вызваліць пляц. МГЦН у працэсе перамог. У канцы красавіка пачаўся дэмантаж.
Што будзе замест «разумнага прыпынку»
На Нямізе ўзвядуць новы прыпыначны павільён. На гэты раз не «разумны», а тыпавы, як усюды ў горадзе.
«Канструкцыя будзе выканана са шкла і металу, як і новыя сучасныя прыпынкі», – растлумачылі ў МГЦН.
Яго ўсталююць ужо да травеньскіх святаў.






