7 красавiка 2025, панядзелак, 20:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Літвы: NATO адрэагуе на вучэнні «Захад», калі ўзнікне неабходнасць

1
МЗС Літвы: NATO адрэагуе на вучэнні «Захад», калі ўзнікне неабходнасць

Альянс прыме пастанову з улікам таго, як будуць праходзіць супольныя вучэнні Беларусі і РФ.

Напярэдадні супольных расейска-беларускіх вучэнняў «Захад», якія пройдуць восенню 2025 года, міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што NATO гатова адрэагаваць на іх, калі ўзнікне такая неабходнасць.

Будрыс пракаментаваў намер Расеі і Беларусі правесці супольныя вучэнні падчас сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO ў Брусэлі ў пятніцу, 4 красавіка.

«Пэўныя дзеянні плануюцца ў залежнасці ад таго, што мы ўбачым па той бок, якія расейскія і беларускія сілы будуць задзейнічаныя ў вучэннях, і гэта, безумоўна, не будзе пакінута без увагі», - сказаў кіраўнік літоўскага дыпламатычнага ведамства.

Падрабязных планаў NATO Будрыс не раскрываў, аднак запэўніў, што Альянс адрэагуе з улікам таго, як будуць праходзіць вучэнні, а таксама колькі і якія сілы будуць задзейнічаныя Расеяй і Беларуссю.

«Цяпер я сапраўды не хацеў бы ўдавацца ў падрабязнасці аб тым, якім будзе рэагаванне, але гэта не проста нейкая адна з шэрагу падзей, усе падобныя намаганні ўспрымаюцца сур'ёзна, - сказаў міністр. - Мы паглядзім, якога кшталту войскі там будуць, па аб'ёме, па геаграфічным размяшчэнні, і NATO, безумоўна, на падставе гэтага сфармуе сваю ўласную, скажам так, прысутнасць або адказ».

На гэты момант літоўскія вайскоўцы не бачаць нейкіх дадатковых ваенных пагроз для Літвы падчас вучэнняў «Захад», але мяркуюць, што ёсць рызыка ненаўмысных інцыдэнтаў.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа раней заяўляў, што вучэнні «Захад» не павінны выклікаць дадатковых перасцярог, бо Літва і яе хаўруснікі таксама праводзяць вучэнні і рыхтуюцца да патэнцыйных пагроз.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках