Эканаміст: У дачыненні да Расеі ЗША акурат трэба было ўвесці мыты
6- 5.04.2025, 15:38
- 2,506

ЗША набылі ў Расеі тавараў больш як на два мільярды даляраў.
У адміністрацыі Дональда Трампа заявілі, што Злучаныя Штаты Амерыкі не ўвялі мыты на імпарт тавараў з Расеі і Беларусі, бо Вашынгтон не гандлюе з гэтымі краінамі і яны знаходзяцца пад санкцыямі.
Аднак гэта не так. ЗША набылі ў Расеі тавараў больш як на два мільярды даляраў. Пра гэта FREEДОМ сказаў эканамічны эксперт Ілля Несхадоўскі.
- Тлумачэнне [ад ЗША] было наступнае: там санкцыі і вельмі маленькі гандаль. Я не згодзен. Статыстыка паказвае, што ЗША набылі ў Расеі тавараў больш чым на два мільярды даляраў - на 2,7. Але паставілі ў Расею тавары на нязначную суму. Гэта значыць, іншымі словамі, якраз уся логіка гэтых дадатковых мытаў кажа аб тым, што супраць Расеі трэба было іх увесці. Для таго, каб гэта выраўнаваць. Гэта значная сума — больш за 2 мільярды даляраў. Але гэта было праігнаравана, і мыты не ўведзеныя, - сказаў Несхадоўскі.
Ён не выключае, што пад новыя пастановы амерыканцаў будуць пападаць і нейкія канкрэтныя кампаніі.
- Я думаю, што будуць, бо мы ўжо ведаем, што амерыканцы выкарыстоўвалі пэўную санкцыйную палітыку, якая абмяжоўвае, супраць кампаніі Huawei. Гэта значыць, можа быць, туды патрапяць і іншыя кампаніі, якія, як чакае Трамп, перавязуць сваю вытворчасць у Амерыку, - адзначыў госць эфіру.
Ён таксама пракаментаваў сітуацыю з TikTok. Згодна з заявай кіраўніка Белага дома, ЗША могуць знізіць мыты на кітайскія тавары ў абмен на продаж платформы.
- Сітуацыя ў тым, што Трамп патрабуе, каб TikTok прадалі амерыканцам. Гэта значыць, іншымі словамі, ён даб'ецца свайго. Як мінімум на амерыканскім рынку TikTok стане амерыканскім і будзе прыносіць даходы амерыканскім уласнікам. Таму ў гэтых стасунках, зноў жа, усё гэта магчыма. На сёння мы разумеем, што ў Трампа няма ніякіх абмежаванняў, ніякія міжнародныя дамовы, ніякія міжнародныя абавязанні для яго не важныя. Ён прыняў пэўную пастанову, выбраў пэўны шлях, і гэтым шляхам ідзе, - рэзюмаваў Несхадоўскі.
Гаворачы агулам аб такой эканамічнай палітыцы Трампа, ён адзначыў: логіку гэтага працэсу можна зразумець, і яна мае доўгатэрміновыя мэты. Але ці будзе гэты шлях паспяховы - пытанне застаецца адкрытым.
- Напрыклад, зараз Еўрапейскі Звяз адназначна будзе адмаўляцца ад куплі амерыканскай зброі. І амерыканцы страцяць вельмі значны свой рынак, калі ЕЗ цалкам пераарыентуецца на свае ўласныя распрацоўкі, на ўласную зброю. У такіх варунках гэтыя прадпрыемствы перамясціць у ЗША не атрымаецца ніяк. Адпаведна, яны будуць мець прыярытэты. І зноў жа - мінус. Таму ці змогуць Злучаныя Штаты ваяваць супраць усяго свету ў сваёй гандлёвай вайне? Пытанне - адкрытае, але мэты зразумелыя, - падсумаваў эканаміст.