Крах на Уол-стрыт: Рынкі разбураюцца, Трамп гуляе ў гольф
33- 6.04.2025, 11:27
- 11,922

Сенатар ад дэмакратаў Чак Шумер выказаў адкрытае абурэнне.
Масавы распродаж акцый ахапіў Уол-стрыт пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра ўвядзенне глабальных мытаў. Усяго за два дні ключавыя індэксы амерыканскага фондавага рынку ўпалі прыкладна на 10 адсоткаў. Пакуль акцыі імкліва страчвалі ў кошце, сам Трамп праводзіў час на полі для гольфу ў Флорыдзе, паведамляе «Польскае радыё».

У пятніцу індэкс Dow Jones асеў на 5%, а S&P 500 і Nasdaq – амаль на 5,5%. На дзень раней падзенне было супастаўным. Гэта найбуйнейшае зніжэнне на нью-ёркскай біржы з часоў пандэміі COVID-19. Эксперты звязваюць крах з тым, што абвешчаныя тарыфы былі значна вышэйшымі за чаканні рынку, а таксама з хаосам пры іх увядзенні.
Сенатар ад дэмакратаў Чак Шумер выказаў адкрытае абурэнне. «Яны ўвялі мыты на пінгвінаў, а не на Пуціна», – заявіў ён, паказваючы на тое, што санкцыі закранулі бязлюдныя выспы ў Індыйскім акіяне, але абышлі бокам Расею.
На думку аналітыкаў кансерватыўнага American Enterprise Institute, формула, паводле якой адміністрацыя Трамп разлічвала тарыфы, не мае эканамічнай логікі. Больш за тое, нават пры ўмове карэктнай метадалогіі, разлікі былі праведзеныя з памылкамі. Паводле падлікаў экспертаў, мыты павінны былі быць у чатыры разы ніжэйшымі або складаць не больш за 10% – раней гэта называлі мінімальна абгрунтаванай стаўкай.
Многія каментатары раскрытыкавалі Трампа за ягоныя паводзіны: у той час як амерыканцы страчвалі ашчаджэнні, укладзеныя ў акцыі, ён гуляў у гольф і праводзіў сустрэчы з прадстаўнікамі арганізатараў турніраў з Саудаўскай Аравіі.