Жыхарам Рыгі далі больш за 2 млн еўраў на паляпшэнне жыцця
- 6.04.2025, 12:11
- 1,854

Кожны можа атрымаць сродкі з гарадскога бюджэту для сваіх ідэй добраўпарадкавання.
З 7 красавіка да 6 траўня кожны рыжанін можа праявіць ініцыятыву, падаўшы ідэю праекту на конкурс у сталічнае самакіраванне. Праекты могуць быць накіраваныя на паляпшэнне раённай інфраструктуры, двароў, спрыяць сацыяльным інавацыям. Усяго паміж праектамі будзе размеркавана 2,3 мільёна еўраў, адзін праект можа атрымаць не больш за 250 тысячаў еўраў, піша delfi.lv.
Мэта конкурсу – даць жыхарам магчымасць самастойна вызначаць, як выкарыстоўваць частку гарадскога бюджэту, і палепшыць грамадскую прастору ў сваім раёне.
Самакіраванне такім чынам атрымлівае зваротную сувязь ад жыхароў, даведаецца, якія паляпшэнні гарадскога асяроддзя сапраўды чакаюць гараджане.
Падаць праектную ідэю можа любы чалавек, які дасягнуў 16 гадоў, а таксама зарэгістраванае аб'яднанне ці фонд, у якім няма ўдзелу самакіравання.
Каб падаць праект, неабходна:
даведацца адрас і кадастравы нумар цікавага зямельнага надзелу, на якім вы хочаце рэалізаваць сваю ідэю;
высветліць, каму належыць надзел (калі ён у прыватнай або юрыдычнай уласнасці, спатрэбіцца згода ўладальніка або ўладальнікаў);
для вызначэння прыналежнасці надзелу выкарыстоўвайце партал GEORĪGA – звесткі прыватных і юрыдычных асобаў там не паказваюцца, але можна атрымаць агульную інфармацыю пра ўласнасць;
прыдумаць назву праекту і падрыхтаваць яго апісанне;
падрыхтаваць каштарыс выдаткаў, эскіз праекту і візуалізацыю;
зайсці на партал geolatvija.lv, раздзел «Līdzdalības budžets» (бюджэт удзелу), і запоўніць неабходную інфармацыю ў заяўцы.
Надалей праекты, якія падаюцца на конкурс, будуць падзеленыя на тры катэгорыі:
інфраструктурныя праекты – фінансаванне аднаго праекту да 250000 еўраў;
праекты двароў (iekšpagalmi) – фінансаванне да 250000 еўраў на праект;
праекты сацыяльнай інавацыі (нематэрыяльныя) – фінансаванне да 50000 еўраў на праект.
Падача праектаў і галасаванне за іх больш не будзе адбывацца на сайце balso.riga.lv, а будзе праводзіцца на Дзяржаўным адзіным партале геапрасторавай інфармацыі – www.geolatvija.lv, які распрацавала Міністэрства смарт-адміністрацыі і навакольнага асяроддзя і рэгіянальнага развіцця (VARAM).
Галасаванне за праекты прадоўжыцца цягам аднаго месяца – у лістападзе, пры гэтым за кожны праект можна будзе прагаласаваць толькі адзін раз. Для вочнага галасавання таксама застануцца даступныя пункты абслугоўвання кліентаў Цэнтра жыхароў раёнаў Рыгі (Rīgas Apkaimju iedzīvotāju centrs).
Агульны бюджэт самакіравання на ўдзел у бюджэце сёлета складае 2,3 мільёна еўраў.
Рыжскае самакіраванне праводзіць конкурс бюджэту ўдзелу і галасаванне жыхароў з 2019 года. За гэты час рыжане падалі ўсяго 216 праектных заявак. За шэсць гадоў конкурсу да рэалізацыі былі адабраныя 53 праекты, з якіх 29 праектаў ужо цалкам рэалізаваныя, а 24 знаходзяцца на розных стадыях выканання.