Амаль трэць беларусаў лечацца ў прыватных медцэнтрах
7- 6.04.2025, 12:18
- 2,926

Кожны пяты незадаволены паліклінікамі.
28% насельніцтва Беларусі звяртаецца ў прыватныя медыцынскія цэнтры па дапамогу, такія звесткі прыводзяць сацыёлагі з Акадэміі навук, паведамляе «Еўрарадыё».
У дзяржаўныя паліклінікі ходзяць 86,5% беларусаў, у той час як 28% выбралі прыватныя цэнтры. 8,4% тэлефануюць у хуткую дапамогу, а 6,7% – ідуць у прыёмны пакой лякарні.
Жанчыны часцей за мужчынаў звяртаюцца ў прыватныя медцэнтры (34% супраць 21,3% адпаведна). Таксама да медыцынскага бізнэсу больш лаяльная моладзь, чым людзі старэйшага веку (38,7% супраць 18,6% адпаведна).
Аднак большасць апытаных (80%) плацяць за медыцыну рэдка, робяць гэта часта толькі 12,5%.
Сярод пераваг звароту па платныя медыцынскія паслугі беларусы ў першую чаргу ўказалі аператыўнасць атрымання дапамогі (60%). Яшчэ трэць рэспандэнтаў адзначаюць уважлівае стаўленне да пацыентаў, а таксама наяўнасць больш сучаснага абсталявання.
Кожны пяты незадаволены паліклінікамі
Апытанне таксама паказала, што 17,8% рэспандэнтаў незадаволеныя беларускімі дзяржаўнымі паліклінікамі. Задаволеныя імі 73 адсоткі жыхароў.
Дзейнасць прыватных медыцынскіх цэнтраў станоўча ацэньваюць 54,3 адсотка жыхароў Беларусі, у той час як 44 адсоткі не змаглі ацаніць іх дзейнасць.
На пытанне «Ці задаволеныя вы медыцынскімі паслугамі на месцы жыхарства» 71% удзельнікаў адказалі станоўча. Не задаволеныя 22,8%, яшчэ 6,2% не змаглі даць адказ.
На думку 27,3% рэспандэнтаў, якасць паслуг палепшылася, 17,3%, наадварот, мяркуюць, што яна пагоршылася.
Апытанне было праведзенае ў канцы 2024 – пачатку 2025 года, у ім удзельнічалі 900 рэспандэнтаў, паведамляецца на сайце Інстытута сацыялогіі НАН.