У Чубайса і сямі ягоных падначаленых арыштавалі грошы і маёмасць
20- 6.04.2025, 14:33
- 8,272

Cуд Масквы часткова задаволіў пазоў «Раснана».
Арбітражны суд Масквы часткова задаволіў пазоў «Раснана», наклаўшы арышт на грошы і маёмасць былога кіраўніка дзяржкарпарацыі Анатоля Чубайса і сямі ягоных падначаленых памерам 5,6 млрд рублёў, піша The Moscow Times.
Сярод іншых адказчыкаў – экс-намеснік старшыні кіравання Юрый Удальцоў, Дзмітрый Пімкін і Уладзімір Аветысян, былыя топ-мэнэджары КК «Раснана» Барыс Падольскі і Герман Піхоя, дарадца Чубайса Алег Кісялёў, а таксама Мікалай Тычынін. У вызначэнні суда гаворыцца, што некаторыя фігуранты знаходзяцца за мяжой і не зацікаўленыя ў захаванні маёмасці на тэрыторыі Расеі. Акрамя таго, у дачыненні да Алега Кісялёва і Барыса Падольскага пачатыя крымінальныя справы.
Пазоў быў пададзены для пакрыцця шкоды ад праекту ў стварэнні гнуткіх планшэтаў Plastic Logic, паведаміў дырэктар спецыяльных даручэнняў «Раснана» Яўген Фралоў. Паводле ягоных словаў, праект, які стартаваў у 2009 годзе, не дасягнуў пастаўленых мэтаў. Ужо ў 2012-м «Раснана» адмовілася ад запуску завода для вытворчасці планшэтаў у Расеі, накіраваўшы ўкладзеныя дзяржсродкі на фінансаванне кампаній, зарэгістраваных за мяжой. Фралоў падкрэсліў, што, «нягледзячы на адсутнасць станоўчых эфектаў ад інвестыцый і іх незваротнасць», фінансаванне праекту доўжылася больш за 10 гадоў.
Пластыкавыя планшэты з гнуткім экранам Чубайс прэзентаваў прэзідэнту Уладзіміру Пуціну ў 2011 годзе, сцвярджаючы, што аналагаў ім у свеце няма. Кошт адной прылады ён ацаніў на 12 тыс. рублёў. Меркавалася, што планшэты будуць набываць расейскія школы для вучобы. У Зеленаградзе планавалася пабудаваць завод для вытворчасці гнуткіх дысплэяў магутнасцю 100 тыс. штук за год, а таксама стварыць цэнтр даследаванняў і распрацовак. Але гэтага не адбылося, і ніводнага планшэта расейскі рынак не ўбачыў. У 2015 годзе Чубайс прызнаў, што ідэя пацярпела паразу, але адмовіўся закрыць праект, абяцаючы знайсці распрацоўцы «іншае ўжыванне».
Чубайс узначальваў «Раснана» з 2008 да 2020 года. Пасля пачатку вайны ва Украіне ён пакінуў пасаду спецпрадстаўніка прэзідэнта і з'ехаў з Расеі. Карпарацыя, якая абяцала за 10 гадоў стварыць у краіне нанаіндустрыю памерам трыльён рублёў, пры Чубайсу атрымала ад дзяржавы больш за 405 млрд рублёў і трапіла на мяжу банкруцтва з назапашанай стратай амаль на 100 млрд. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін дапускаў, што ад'езд Чубайса ў 2022 годзе быў выкліканы рызыкамі крымінальнага пераследу праз «Раснана». Аўдытары ацанілі страты ад нядобрасумленных аперацый у карпарацыі на 200 млрд рублёў. Больш за 10 былых топ-мэнэджараў сталі фігурантамі крымінальных справаў.
1 лютага 2025 года суд арыштаваў траіх экс-намеснікаў Чубайса ў «Раснана»: выканальнага дырэктара Барыса Падольскага, кіраўніка дырэктара ў фінансах Артура Галсцяна і дырэктарку метадалогіі справаздачнасці Марыну Касянкову. Іх абвінавачваюць у злоўжыванні паўнамоцтвамі за падробку фінансавых дакументаў, у выніку чаго дзяржаве былі нанесеныя страты 45 млрд рублёў. Былым топ-мэнэджарам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.