8 красавiка 2025, aўторак, 21:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

26 гадоў таму раптоўна памёр Генадзь Карпенка

12
26 гадоў таму раптоўна памёр Генадзь Карпенка

Палітык быў адным з ініцыятараў працэдуры імпічменту Лукашэнкі.

6 красавіка спаўняецца 26 гадоў з дня раптоўнай смерці Генадзя Карпенкі.

Ён быў адным з найвыбітнейшых, аўтарытэтных і паважаных беларускіх палітыкаў і ўяўляў рэальную пагрозу для Лукашэнкі.

Генадзь Карпенка нарадзіўся 17 верасня 1949 года ў Менску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў у Інстытуце ядзернай энэргетыкі Акадэміі навук Беларусі. З 1983 года працаваў у НДА парашковай металургіі.

У 1987-1990 гадах быў дырэктарам завода парашковай металургіі ў горадзе Маладзечне.

У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 склікання, а потым - старшынём камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. З 1991 да 1994 года ўзначальваў Маладзечанскі гарвыканкам. У 1995 годзе яго ізноў абралі дэпутатам Вярхоўнай Рады. Ён стаў намеснікам старшыні апошняга законнага беларускага парламента.

У 1996 годзе Генадзь Карпенка быў адным з ініцыятараў працэдуры імпічменту Лукашэнкі, якую распачалі дэпутаты Вярхоўнага Савета. Праз два гады ён узначаліў Нацыянальны выканаўчы камітэт, створаны беларускай апазіцыяй. Генадзь Карпенка мог скласці рэальную канкурэнцыю дзейнай уладзе і стаць прэзідэнтам Беларусі ў 2001 годзе.

Доктар тэхнічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Аўтар 40 вынаходніцтваў.

Генадзь Карпенка памёр ад кровазліцця ў мозг раніцай 6 красавіка 1999 года ва ўзросце 49 гадоў. Гэта адбылося за месяц да альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзення якіх адмовіліся прызнаць навязаныя Лукашэнкам змены ў Канстытуцыі, якія азначалі падаўжэнне тэрміну яго паўнамоцтваў на прэзідэнцкай пасадзе.

Праз месяц пасля загадкавай смерці палітыка бясследна знік адзін з яго найбліжэйшых паплечнікаў - Юрый Захаранка, яшчэ праз паўгода другі - Віктар Ганчар, які разам з бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім быў выкрадзены ў цэнтры Менска.

Сапраўдныя прычыны смерці Генадзя Карпенкі дагэтуль невядомыя. Ён ніколі не скардзіўся на сваё здароўе. Сваякі і прадстаўнікі апазіцыі сумняваюцца ў натуральных прычынах смерці і мяркуюць, што да яе маюць дачыненне беларускія ўлады.

Жонка і дзеці апазіцыйнага палітыка праз сталы пераслед і прэсінг з боку рэжыму вымушаныя былі з’ехаць у Нямеччыну, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў.

У 2009 годзе вядомыя палітыкі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і грамадскія дзеячы звярнуліся ў сталічны гарвыканкам з заклікам назваць імем Генадзя Карпенкі адну з менскіх вуліц, аднак улады адмовіліся зрабіць гэта.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках