Кліматычная анамалія: Беларусь заваліла красавіцкім снегам
24- 6.04.2025, 20:46
- 15,406

Снегапады пакінулі без святла сотні населеных пунктаў.
Беларусь у красавіку сутыкнулася з раптоўнай кліматычнай анамаліяй: за лічаныя гадзіны сталічныя тэрмометры паказалі імклівае падзенне тэмпературы. Халодная паветраная маса, якая прыйшла ўчора ўвечары з паўночнай Еўропы ў нашу краіну, прынесла з сабой снегапады і моцныя парывы ветру.
Паводле інфармацыі Белгідрамета, былі зафіксаваны парывы ветру да 20 м/с, моцнае выпадзенне ападкаў у выглядзе мокрага снегу. Самая вялікая вышыня снежнага покрыва 25 см цягам дня зафіксаваная ў Магілёве.

На дзяржаўным прадпрыемстве «Мінскэнэрга» паведамілі, што непагадзь пакінула без электразабеспячэння больш за 130 населеных пунктаў у Менскай вобласці. У сваю чаргу на Магілёўшчыне святла пазбавіліся 142 населеныя пункты.

«Найбольш пацярпелі Пухавіцкі і Слуцкі раёны, дзе пашкоджанні ліній электраперадачы адбыліся праз наліпанне снегу і шквалісты вецер», - паведамілі ў «Мінскэнэрга».
На раніцу 6 красавіка было адключана 98 трансфарматарных падстанцый, 46 населеных пунктаў, пяць МТФ у Бялыніцкім, Бабруйскім, Дрыбінскім і Асіповіцкім раёнах. Брыгады РЭС працуюць над ліквідацыяй наступстваў адключэнняў.
Моцныя перапады тэмпературы правакуюць утварэнне галалёдзіцы, а моцныя снегапады значна пагаршаюць бачнасць і счапленне з дарогай. Такія ўмовы - наўпроставая рызыка для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.
Непагадзь таксама закранула чыгуначныя злучэнні. На адрэзку Асіповічы-Магілёў цягнікі затрымліваліся на 20 хвілін да 1 гадзіны праз падзенне дрэў на чыгуначныя шляхі, выкліканае моцным ветрам.

Згодна з прагнозамі сіноптыкаў, у найбліжэйшыя дні ўмовы надвор'я ў Беларусі застануцца нестабільнымі. Зрэшты, на тыдні з 7 да 13 красавіка надвор'е будуць вызначаць атмасферныя франты, якія прынясуць зімовыя з'явы надвор'я.