У Беларусь спрабавалі завезці найбуйнейшую ў гісторыі краіны партыю выбухоўкі
6- 8,460

Аўтамабіль накіроўваўся ў Расею.
На беларуска-польскай мяжы супрацоўнікі мытнай службы выявілі спробу незаконнага правозу буйной партыі выбуховага рэчыва. Аб гэтым паведамляецца ў тэлеграм-канале Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Як паведамілі ў ведамстве, інцыдэнт адбыўся ў пункце пропуску «Брэст», дзе пад падазрэнне трапіў грузавы аўтамабіль маркі Mercedes, які рухаўся ў Расею.
Падчас паглыбленага надгляду аўтамабіля з выкарыстаннем спецыяльнага абсталявання знайшлі схаваныя адсекі з рэчывам светла-шэрага і светла-жоўтага колеру. Матэрыял, як мяркуецца, замаскаваны з выкарыстаннем гукаізаляцыйных панэляў і апрацаваны тэхнічнай змазкай, каб пазбегнуць выяўлення службовымі сабакамі, быў схаваны пад падлогай і ў перагародцы паміж кабінай і грузавым адсекам.

Экспертыза ўстанавіла, што канфіскаванае рэчыва — пентаэрытрыттэтранітрат (ТЭН) — належыць да катэгорыі асабліва магутных выбуховых рэчываў. Агульная вага знойдзенага матэрыялу склала больш за 580 кг.
41-гадовага кіроўцу транспартнага сродку затрымалі. У дачыненні да яго і іншых неўстаноўленых асоб распачатая крымінальная справа на падставе ч.2. арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 10 гадоў.