Беларуска выступіла ў папулярным польскім тэлешоў і зачаравала журы
4- 7.04.2025, 16:32
- 13,774

Берасцейка пераехала ў Польшчу пасля пратэстаў 2020 года.
Беларуская выканаўца Kassia Noua разам з украінскім гітарыстам Іллём Кушнеравым выступіла ў музычным шоў Must be the music на тэлеканале Polsat. Сябры журы паставілі іх кампазіцыі найвышэйшую адзнаку, піша Most.
22-гадовая Настасся Кухарчык з Берасця, якая выступае пад сцэнічным псеўданімам Kassia Noua, прыехала ў Польшчу пасля падзей 2020 года. Цяпер яна студэнтка Уроцлаўскага ўніверсітэта. 19-гадовы Ілля Кушнераў прыехаў у Польшчу пасля пачатку вайны.
У тэлешоў яны прадставілі кампазіцыю на англійскай мове Difficult Ages, якую Kassia Noua прысвяціла пратэстам 2020 года ў Беларусі. Асобныя фразы яна спявае па-расейску. У песні дзяўчына задаецца пытаннем: "Ці ёсць месца ў гэтым новым свеце для тых, чые думкі скралі?"
Журы высока ацаніла нумар дуэта: выканаўцы атрымалі чатыры "Так".
- Калі сур'ёзна, у мяне няма слоў. Гэта сапраўды вельмі высокі палёт, які адначасова адпраўляў мяне кудысьці ў сучасную музыку, і адначасова - мы пераглядаліся з Себасцьянам [Карпель-Булецка, чальцом журы], і ён казаў: "Там чутны фальклор", - гэта сапраўды траплянне ў кропку, гэта фенаменальна, - сказаў чалец журы.
- У цябе пранізлівы вакал. Вельмі спелая кампазіцыя, такая гатовая, гітовая. Гэта матэрыял на гіт, а мы хочам гітоў! — пракаментавала сябра журы Наталля Шродэр.