Цыклон «Зіён» паралізаваў Беларусь
9- 7.04.2025, 17:56
- 18,748

Сотні населеных пунктаў без святла, цягнікі сталі, энэргетыкі не даюць рады.
Цыклон "Зіён" з моцным снегападам, ветрам і адмоўнай тэмпературай напярэдадні дайшоў да нашай краіны, што прывяло да адключэння электрычнасці ў некаторых населеных пунктах.
Жыхары больш як 250 населеных пунктаў у Менскай і Магілёўскай абласцях застаюцца без святла пасля снегападу, які абрынуўся на краіну.

Непагадзь унесла карэкціроўкі ў расклад руху некаторых цягнікоў, паведамілі ў прэс-службе Беларускай чыгункі.
Моцны парывісты вецер і "густы снегапад" 7 красавіка сталі прычынай падзення дрэў на рэйкі на адцінку Асіповічы-Магілёў.
"Асобныя цягнікі на гэтым кірунку едуць з адхіленнем ад графіка руху прыблізна ад 15 хвілін да 1 гадзіны", - расказалі ў БЧ, дадаўшы, што рамонтныя брыгады прымаюць "аператыўныя меры для ліквідацыі наступстваў непагадзі і ўводу цягнікоў у графік".

Складаная сітуацыя надвор'я прывяла да адключэння ад электразабеспячэння ў больш як 130 вёсках і пасёлках Менскай вобласці. Найбольш пацярпелі Пухавіцкі і Слуцкі раёны, дзе лініі электраперадач пашкодзіліся праз магутны вецер і наліпанне снегу.
Адзначаецца, што энэргетыкі працуюць 24 гадзіны, каб мінімізаваць нязручнасці для насельніцтва.

Тым часам у Магілёўскай вобласці, на 7.30 раніцы нядзелі, электраэнэргіі не было ў 124 населеных пунктах - пераважна ў Магілёўскім, Бабруйскім, Асіповіцкім і Кіраўскім раёнах.
“У пацярпелых раёнах электрычных сетак да аварыйна-аднаўленчых работ неадкладна прыцягнуты ўвесь персанал сеткавых філіялаў РУП “Магілёўэнэрга”, - паведамілі на прадпрыемстве.
Складанае надвор'е назіраецца і ў іншых рэгіёнах краіны.