Берасцейскі акумулятарны завод ідзе на часовы прастой
3- 7.04.2025, 18:20
- 6,872

Прадпрыемства скарачае супрацоўнікаў.
Берасцейскі акумулятарны завод «Айпаўэр» плануе сысці ў часовы прастой да 12 траўня і скараціць колькасць штатных супрацоўнікаў, даведалася «Еўрарадыё». З чым звязана неабходнасць прастою і колькі супрацоўнікаў скароцяць, у кампаніі не растлумачылі.
Журналісты даведаліся пра намеры прадпрыемства, патэлефанаваўшы ў ягоны аддзел кадраў пад выглядам беларусаў, якія шукаюць працу. Падставай для званка стала праверка чутак, што завод можа неўзабаве закрыцца.
Берасцейскі акумулятарны завод быў створаны ў 2016 годзе, а поўнасцю пабудаваны ў 2020-м. Ён выпускае акумулятары і сістэмы назапашвання энэргіі. Спачатку завод належаў бізнэсоўцу Віктару Лемяшэўскаму, але праект выклікаў шырокія пратэсты з-за экалагічнай небяспекі.
Пасля таго як Лемяшэўскі стаў фігурантам крымінальнай справы, завод перайшоў новым уладальнікам - Сяргею Кагановічу і Дзмітрыю Баскаву. Прадпрыемства перайменавалі ў «Акумулятарны альянс», і яно аднавіла працу ў 2021 годзе. Пазней да ўладальнікаў далучыліся Лемяшэўскі і Папок праз расейскую кампанію, а таксама Берасцейскі аблвыканкам.
Кампанія таксама пашырыла дзейнасць у Расеі і зараз уваходзіць у вялікую групу 1AK-GROUP, якая займаецца таксама тэхнікай і лагістыкай.