8 красавiка 2025, aўторак, 1:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Паездкі Турчына ў Маскву выглядаюць смешна»

9
«Паездкі Турчына ў Маскву выглядаюць смешна»
АЛЯКСАНДР ТУРЧЫН І МІХАІЛ МІШУСЦІН. ФОТА GOVERNMENT.RU

Спроба выбіць чарговы крэдыт ад Крамля – пацярпела паразу.

Новы прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сустрэўся з расейскім прэм'ерам Міхаілам Мішусціным у Маскве, адбыліся перамовы сам-насам і ў пашыраным складзе.

Турчын заявіў, што першыя візіты, якія свежапрызначаныя беларускія топ-чыноўнікі традыцыйна наносяць у Расею, «наглядна сведчаць пра прыярытэтнасць і доўгатэрміновасць беларуска-расейскага стратэгічнага партнёрства». Мішусцін назваў гэта «пацвярджэннем асаблівага характару стасункаў паміж Расеяй і Беларуссю».

Беларуская прапаганда таксама паспрабавала надаць візіту арэол значнасці. Але калі апусціць слоўную мішуру пра важнасць двухбаковых стасункаў і ўмацаванне супрацоўніцтва, практычнай карысці ад гэтай сустрэчы няшмат. Ва ўсякім разе пра новы крэдыт на супольныя імпартазамяшчальныя праекты, размовы пра якія напярэдадні «не выключаў» беларускі прэм'ер, у публікацыях ні слова.

Тады ў чым сэнс афіцыйнага візіту Турчына ў Маскву, акрамя асабістага знаёмства і васальнага пацверджання, што хаўруснік па-ранейшаму побач і разам?

– Падкрэсліваць тое, што першы візіт у Маскву – даніна традыцыі, модзе або пацвярджэнне асаблівага характару хаўрусніцкіх стасункаў – гэта гучыць смешна, – адзначае ў каментары «Салідарнасці» палітолаг Анатоль Котаў. – Таму што, калі не ў Расею, то куды?

У нават не ўмоўнага, а цалкам канкрэтнага Казахстана ці Узбекістана ёсць выбар, куды ехаць з першым афіцыйным візітам: Кітай ці Расея, ды і Еўропа таксама. У беларускага прэм'ера выбар роўна адзін. Або ў Расею, або нікуды.

Адпаведна сам сабой гэты візіт мае больш пратакольна-азнаямленчы характар. Памянялася частка ўраду, памяняўся прэм'ер, трэба прадставіцца маскоўскім калегам. Таму ўсе публічныя размовы і маюць такое пратакольнае адценне.

А іх успаміны, што летась быў рэкордны таваразварот – зноў-такі, выбіраць, з кім гандляваць, не выпадае ніводнаму боку. Таму рост узаемнага гандлю ад безвыходнасці – такі сабе прадмет для гонару.

Таксама трэба разумець, што ўсе размовы, якія вядуцца на ўзроўні ўрадаў, у сутнасці, з'яўляюцца тэхнічнай рэалізацыяй дамоўленасцяў на самым высокім узроўні. І выбіваць чарговы крэдыт, чарговыя нейкія грошы ад Масквы – не тое каб не задача Турчына, а непасільная ноша. Гэта вышэй за магчымасці і той сістэмы стасункаў, якая выбудаваная паміж Лукашэнкам і Пуціным.

Вось калі б яны дамовіліся падчас візіту Лукашэнкі ў Маскву, што будзе вылучаны чарговы беззваротны крэдыт, які потым адтэрмінуюць, растэрмінуюць, то быў бы зразумелы тэхнічны сэнс паездкі Турчына і кампаніі ў Маскву, прапрацоўка, як прапісаць на паперы і рэалізаваць тое, пра што дамовіліся на словах Лукашэнка і Пуцін. Але падчас апошняга візыту такіх абяцанняў не было.

Таму, паўтаруся, візіт Турчына носіць хутчэй пратакольны характар. Абодвум бакам трэба бліжэй пазнаёміцца, каб разумець, з кім персанальна давядзецца мець справу далей.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках