Нарвегія вылучыла яшчэ 415 мільёнаў еўраў на боепрыпасы для Украіны
1- 7.04.2025, 21:21

Нарвежскі ўрад пацвердзіў, што Еўропа прадаўжае падтрымліваць Украіну.
Нарвегія вылучае 4 млрд нарвежскіх кронаў на чэшскую ініцыятыву набыцця артылерыйскіх боепрыпасаў для Украіны, і яшчэ мільярд – на гэтыя ж патрэбы праз механізмы Еўрапейскага фонду міру, што сукупна складае больш за 400 млн еўраў.
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», адпаведную заяву апублікавала прэс-служба ўраду Нарвегіі.
Прэм'ер Нарвегіі Ёнас Гар Сцьёры адзначыў, што гэта адна з ключавых патрэбаў для ўкраінскага войска, таму Нарвегія робіць свой унёсак.
Яшчэ 1 млрд кронаў падаюць для Еўрапейскага фонду міру, праз які ЕЗ таксама фінансуе ваенную дапамогу для Украіны – гэты ўнёсак будзе выкарыстаны таксама для забеспячэння артылерыйскіх боепрыпасаў для Украіны.
– Еўропа павінна браць на сябе вялікую адказнасць за падтрымку Украіны ў яе барацьбе за свабоду. Нашыя ўнёскі ў Еўрапейскі фонд міру і нашая супольная падтрымка чэшскай ініцыятывы падкрэсліваюць, што Еўропа падтрымлівае Украіну, – адзначыў Сцьёры.
Перад тым Нарвегія падтрымала набыццё боепрыпасаў для Украіны ў нарвежскіх вытворцаў у супрацоўніцтве з іншымі краінамі Паўночнай Еўропы, а таксама перадавала снарады са сваіх складоў і падзялілася тэхналогіямі, каб снарады можна было вырабляць ва Украіне паводле ліцэнзіі.