У Вільні адбылася імпрэза памяці Ларысы Геніюш
- 8.04.2025, 12:45

Беларуская паэтка лічыцца духоўнай апякункай жаночых пратэстаў 2020.
Імпрэза памяці легендарнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш прайшла 7 красавіка ў Вільні ў творчай прасторы «Кропка», паведамляе «Радыё Свабода». Знакамітая беларуска, сакратарка БНР, пакутніца ГУЛАГу памерла 42 гады таму, 7 красавіка 1983 года.
На імпрэзе прысутнічалі вядомая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, узнагароджаная нядаўна Медалём Няскораных імя Ларысы Геніюш, а таксама вядомы беларускі віленскі дзеяч Сяргей Дубавец, які асабіста ведаў Ларысу Антонаўну. Ён згадаў візіт да паэткі ў студэнцкія гады:
– Мы проста нахабна, нас было трое студэнтаў, прыехалі ў Зэльву і пайшлі да яе на госці. Пры тым, што яна была пад даволі пільным наглядам КДБ, і ўсіх, хто да яе хадзіў на госці, пасля ўжо ў Менску пачыналі высвятляць: а што, а хто, а чаго? У мяне ніхто нічога не высвятляў, таму што ад яе, магчыма, я і набраўся гэтай сапраўднасці.
Як кажа былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, Ларыса Геніюш для яе заўжды была прыкладам нескаронасці:
– Сапраўды нязломная, нескароная жанчына. У тыя часы яна была адна, пра яе ў савецкія часы невядома было. Але зерне, кінутае ў зямлю, узышло. Зараз маем, на прыкладзе нашага часу, няскаронасць Ларысы Геніюш паўтараюць тысячы і нават сотні тысячаў беларусаў і беларусак. Так што нішто дарэмна не праходзіць, усё дае свой плён.
Вечарыну памяці Ларысы Геніюш арганізавала беларуская дзяячка і экскурсавод Валерыя Чарнаморцава.
Сёлета 9 жніўня Ларысе Геніюш спаўняецца 115 год. Яна лічыцца духоўнай апякункай жаночых пратэстаў 2020.
