У Беларусі ксяндза-палітвязня абвінавацілі ў «шпіянажы»
9- 8.04.2025, 14:13
- 6,224

65-гадовы Генрых Акалатовіч перадаў паведамленне з-за кратаў.
65-гадовы ксёндз Генрых Акалатовіч перадаў паведамленне з-за кратаў. У канцы мінулага года палітвязня асудзілі на 11 гадоў зняволення. Цяпер ксёндз паведаміў, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана», што з'яўляецца «грубай правакацыяй». Акалатовіч падкрэсліў, што ніколі не быў шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а «ўсю каталіцкую царкву ў Беларусі», піша katolik.life.
Са слоў святара, усё абвінавачванне «грунтуецца на хлусні, пагрозах і шантажы». Генрых Акалатовіч падкрэсліў, што з дзясяткаў сведак (сярод іх ёсць чыноўнікі і вайскоўцы) ніхто не даў супраць яго «выкрывальных паказанняў». У яго паведамленні ідзе гаворка аб няправільным перакладзе яго тэксту ў матэрыялах справы - магчыма, нейкага ліста на польскай мове. Таксама згадваюцца экспэрты з Мінабароны, з чаго можна зрабіць выснову, што святару маглі інкрымінаваць нібыта перадачу нейкіх звестак на вайсковую тэматыку.
Акалатовіч - вядомы і паважаны ў Беларусі святар, які яшчэ з савецкіх часоў дапамагаў адраджаць каталіцкую царкву ў рэгіёнах. Неаднаразова станавіўся героем публікацый і сюжэтаў дзяржаўных СМІ. Суд над ім быў закрыты. Святар не прызнаў віну. Беларускія праваабаронцы прызналі ксяндза палітычным вязнем.
