У Беларусі наймальнікам сказалі падаць звесткі пра супрацоўнікаў
2- 8.04.2025, 14:34
- 9,156

Для чаго будзе выкарыстаная гэтая інфармацыя.
Службы занятасці запусцілі апытанне наймальнікаў, якіх працаўнікоў ім не стае. Гэта робяць для таго, каб спрагназаваць патрэбнасці эканомікі ў кадрах. Сярод іншага ў працадаўцаў пытаюцца аб працаўніках пенсійнага ўзросту, піша «Зеркало».
Апытанне запусцілі з 7 красавіка, яно працягнецца да 16 чэрвеня. Каб працадаўцы змаглі выказацца на гэтую тэму, ім трэба зайсці ў асабісты кабінет на партале дзяржаўнай службы занятасці (для гэтага патрэбны электронны лічбавы подпіс) і запоўніць спецыяльную анкету.
"Гэтыя апытанні будуць выкарыстаныя для фармавання прагнозу кадравай патрэбнасці эканомікі на найбліжэйшыя пяць гадоў", — адзначаюць службы занятасці.
Сярод іншага наймальнікаў у анкеце пытаюцца аб месцах, якія павінны вызваліцца з-за "выбыцця работнікаў з натуральных узроставых прычын - выхадам на пенсію". Пры адказе на пытанне ў гэтай графе просяць указаць усіх прцаўнікоў, якія ў найбліжэйшыя гады дасягнуць пенсійнага ўзросту (для жанчын гэта 58 гадоў, а для мужчын — 63). "Пры гэтым усё адно, застаюцца працаваць у вас гэтыя супрацоўнікі або ж сыходзяць на пенсію", – адзначаюць службы занятасці ў тлумачэнні, як запаўняць анкету.
Тым часам на 7 красавіка агулам па краіне не стае 196 376 работнікаў.
Развязаць праблему з нястачай працаўнікоў у Беларусі не ўдаецца не першы год. Сярод прычын - ад'езд спецыялістаў на працу за мяжу, а таксама звальненні праз палітыку.