«Знешне ўсё ціха і прыгожа»
6- 9.04.2025, 16:59
- 16,892

Крыніца расказала аб рэаліях на прадпрыемстве, якое стала працаваць на расейскую абаронную прамысловасць.
Аб актуальнай сітуацыі на стратэгічным для Гомеля прадпрыемстве ААТ "СтанкаГомель" расказала «Флагштоку» крыніца, звязаная з заводам. Са слоў суразмоўцы, прадпрыемства знаходзіцца ў крызісе, які адчуваюць на сабе працаўнікі.
Са слоў суразмоўцы, заробак панізіўся, нават шараговыя супрацоўнікі атрымліваюць блізу 1000 рублёў на месяц, пры гэтым работнікаў пастаянна адпраўляюць у невялікія адпачынкі “за свой кошт”.
“Увесь завод піша заявы на адгулы “з сямейных абставін” — мінімум па два дні на месяц з пачатку 2025-га. Кантралёры здзівіліся, што гэта "за сямейныя абставіны" ва ўсіх завадчан пастаянна здараюцца.
Гэта пры тым, што заробкі ўпалі на 300-400 рублёў, аванс - усяго 50 рублёў цяпер. Але затое збіраюць адлічэнні на рамонт помнікаў.
Нядзіўна, што на заводзе вельмі шмат пенсіянераў. Але знешне ўсё ціха і прыгожа - як на могілках”, - адзначыла крыніца.
Пасля пачатку расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны завод палепшыў свае пазіцыі - атрымаў крэдыты з РФ і стаў працаваць на расейскі вайсковую прамысловасць. Але неўзабаве за гэта патрапіў пад санкцыі. Аб зніжэнні прыбытку прадпрыемства стала вядома яшчэ па выніках 2023 года.