У Менску можна бясплатна арандаваць нерухомасць
2- 9.04.2025, 19:20
- 4,382

Але ёсць умова.
Сталічныя ўлады прапануюць узяць у бязвыплатнае карыстанне 30 аб'ектаў нерухомасці. Галоўная ўмова – стварэнне працоўных месцаў.
Пра гэта расказалі ў камітэце дзяржмаёмасці Менгарвыканкама, піша агенцтва «Менск-Навіны».
Для зніжэння колькасці нявыкарыстанай маёмасці і падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу кожны месяц аналізуюцца звесткі пра свабодныя плошчы, якія не запатрабаваныя на ўмовах арэнды.
Гэта розныя аб'екты – як паводле функцыянальнага прызначэння, так і паводле свайго тэхнічнага стану. У некаторых з іх трэба правесці рамонт, а ў асобных – можна пачынаць працу хоць заўтра.
Самы буйны аб'ект размешчаны ў Партызанскім раёне па вул. Ванеева, 24-1н. Гэта частка ізаляванага памяшкання, якое знаходзіцца ў падвале жылога дома. Ягоная плошча складае 316,3 «квадрата».
Ізаляванае памяшканне на першым паверсе будынка па вул. Гамарніка, 1-2н, у Савецкім раёне – самы маленькі аб'ект, які можна ўзяць у бязвыплатнае карыстанне. Ягоная плошча – усяго 4 м2.
Больш падрабязную інфармацыю пра гэтыя і іншыя прапановы, а таксама пра алгарытм іх вылучэння можна знайсці на інтэрнэт-партале Менгарвыканкама.