ЕЗ перадасць Украіне € 2,1 млрд за кошт прыбыткаў ад актываў РФ
- 9.04.2025, 19:43

Кіеў атрымае сродкі да канца месяца.
Еўразвяз плануе перадаць Украіне транш дапамогі € 2,1 млрд да канца красавіка. Сродкі будуць узятыя з прыбыткаў ад замарожаных у ЕЗ расейскіх актываў. Пра гэта заявіла кіраўніца дыпламатыі ЕЗ Кая Калас паводле вынікаў пасяджэння Рады асацыяцыі ЕЗ-Украіна ў Брусэлі, паведамляе Reuters.
€ 1 млрд з гэтага траншу пойдзе на ўмацаванне ўкраінскай абароннай індустрыі, удакладніла спадарыня Калас. ЕЗ таксама працуе над перадачай Кіеву 2000000 снарадаў да канца года.
Усяго Еўразвяз плануе вылучыць Украіне блізу € 18 млрд у лік прыбыткаў ад замарожаных расейскіх актываў. 20 сакавіка Еўракамісія абвясціла пра вылучэнне Украіне траншу памерам € 1 млрд за кошт расейскіх актываў.
ЕЗ, краіны G7 і Аўстралія замарозілі блізу $280 млрд расейскіх дзяржаўных актываў. Яшчэ блізу $58 млрд актываў, уключаючы дамы, яхты і самалёты, замарожаныя ў прыватных асобаў. У траўні 2024 года ЕЗ ухваліў выкарыстанне прыбыткаў ад замарожаных актываў для дапамогі Украіне. Дзякуючы гэтаму ў 2024 годзе Кіеў атрымаў € 3 млрд, 90% гэтай сумы пайшло на спрыянне УСУ. Размеркаванне сродкаў пераглядаецца штогод.