Навукоўцы: Свойскія жывёлы паляпшаюць якасць жыцця
5- 9.04.2025, 20:07
- 3,810

Спецыялісты падлічылі грашовы эквівалент шчасця ад уладання гадаванцамі.
Брытанскія навукоўцы з Кенцкага ўніверсітэта разлічылі грашовы эквівалент шчасця ад наяўнасці ў чалавека сабакі ці ката. Высветлілася, што ўладанне гадаванцамі прыносіць уладальнікам істотны прыбытак у плане задаволенасці жыццём. Даследаванне апублікаванае ў навуковым часопісе Social Indicators Research (SIR).
Выснова была зробленая з выкарыстаннем «падыходу да задаволенасці жыццём» – метадалогіі, распрацаванай эканамістамі, і працэсу, які выкарыстоўвае просты рэгрэсійны аналіз для вызначэння няяўнага кошту розных чыннікаў або падзей у жыцці.
Разлікі паказалі, што калі перавесці звязаны з чацвераногімі кампаньёнамі жыццёвы дабрабыт у грошы, атрыманы памер складзе блізу £ 70 тыс. за год у параўнанні з самотным жыццём.
«Гэтае даследаванне адказвае адназначным “так” на пытанне, ці карысныя для нас свойскія жывёлы. Гадаванцы клапоцяцца пра нас, і іх зносіны маюць значную грашовую каштоўнасць.
Гэтую інфармацыю можна выкарыстоўваць у практыцы аховы здароўя і палітыцы, накіраванай на павышэнне дабрабыту і задаволенасці жыццём людзей, якія маюць чацвераногіх любімцаў», – адзначыла галоўная аўтарка даследавання, доктарка Адэліна Гшвандтнер.