У РФ блакадніцу абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі» войска
6- 9.04.2025, 20:19
- 6,650

83-гадовая Людміла Васільева ўдзельнічала ў пратэстах і вылучалася на пасаду губернатаркі Санкт-Пецярбурга.
На 83-гадовую блакадніцу Людмілу Васільеву з Санкт-Пецярбурга складзены пратакол аб «дыскрэдытацыі» войска Расеі, паведамляе ў сваім Telegram-канале пецярбургскае выданне «Папера» ў сераду, 9 красавіка. Пазней пратакол вярнулі ў паліцыю.
Паводле звестак журналістаў, яе абвінавачваюць праз антываенны пікет: 24 лютага 2025 года яна выйшла да Гасцінага двара з плакатам, на якім было напісана: «Людзі, спынім вайну! Мы адказныя за мір на планеце Зямля». Тады да яе падыходзілі супрацоўнікі паліцыі, але не затрымалі.
Аб'яднаная прэс-служба судоў Пецярбурга ў сваім Telegram-канале паведаміла, што Васільева «ажыццявіла дэманстраванне навакольным ліста паперы з пэўным надпісам», чым здзейсніла «публічныя дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю выкарыстання УС РФ».
У тым самым пасце гаворыцца, што Куйбышаўскі суд Санкт-Пецярбурга азнаёміўся з матэрыяламі і «вярнуў іх для ліквідацыі недахопаў, якія перашкаджаюць разгляду», ў паліцыю.
У 2024 годзе Людміла Васільева вылучыла сваю кандыдатуру на выбарах губернатаркі Санкт-Пецярбурга, але не змагла сабраць патрэбную колькасць подпісаў у сваю падтрымку для рэгістрацыі. З пачатку вайны ва Украіне яна рэгулярна ўдзельнічае ў пратэставых акцыях, на якіх яе некалькі разоў затрымлівалі.