Трамп назваў сустрэчу з Зяленскім у Ватыкане «момантам суцяшэння»
2- 1.05.2025, 10:43
- 3,276

Прэзідэнт ЗША таксама намякнуў на пералом у стаўленні да дзеянняў Крамля.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаўся аб сваёй нядаўняй сустрэчы з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім падчас мерапрыемстваў на пахаванні Папы Рымскага Францішка ў Ватыкане. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта было "момантам суцяшэння".
Пра гэтым паведамляе ABC News.
Так амерыканскі лідар адказаў на просьбу карэспандэнта Тэры Марана пракаментаваць "уражлівую" фатаграфію, якая "абляцела ўвесь свет", на якой Трамп і Зяленскі ў базіліцы Святога Пятра "размаўляюць пра мір".
“Гэты момант быў у пэўным сэнсе момантам суцяшэння, таму што - вялізная колькасць людзей гіне. Шмат ягоных людзей гінуць”, - адказаў на гэта прэзідэнт ЗША.
Трамп дадаў, што "іх забіваюць, і мне ад гэта вельмі дрэнна".
Адзначым, што размова прэзідэнтаў Украіны і ЗША тэт-а-тэт у Італіі 26 красавіка стала іх першай сустрэчай пасля сваркі ў Авальным кабінеце ў Вашынгтоне ў канцы лютага.
Інтэрв'юер ABC News выказаў меркаванне, што Трамп, здаецца, змяніў сваё стаўленне да намераў расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, успомніўшы аб публікацыі амерыканскага прэзідэнта ў сацсетцы пасля размовы з Зяленскім у саборы Святога Пятра. Тады амерыканскі лідар раскрытыкаваў расейскія абстрэлы гарадоў Украіны і дадаў, што гэта "прымушае мяне думаць, што, магчыма, ён (Пуцін, - рэд.) не хоча спыняць вайну".
Цяпер Трамп пагадзіўся са здагадкай вядоўцы, і заявіў, што "гэта, вядома, магчыма".
Разам з тым прэзідэнт ЗША дадаў, што дагэтуль верыць, што расейскі дыктатар нібыта хоча міру і спынення вайны супраць Украіны.