У Microsoft расказалі, калі канчаткова закрыюць Skype
10- 1.05.2025, 19:31
- 7,446

Карыстачам прапануюць пераходзіць на іншую платформу.
Кампанія Microsoft паведаміла, што 5 траўня канчаткова спыніць тэхнічную падтрымку Skype – праграмы для званкоў і абмену паведамленнямі. У той жа час кампанія заахвочвае людзей пераходзіць у Teams. У Microsoft паведамілі, што для карыстачоў Skype паслуга некаторы час будзе бясплатнай.
Microsoft прапануе ўваходзіць у Teams з дапамогай старонкі Skype. Пасля гэтага ўліковыя запісы сінхранізуюцца - у Teams будуць аўтаматычна адлюстроўвацца чаты і кантакты. У перыяд пераходнага перыяду карыстачы Teams могуць мець стасункі з карыстачамі Skype і наадварот.
Акрамя пераносу старонак, прадугледжаная таксама магчымасць экспарту звестак са Skype ў Teams. Уладальнікі падпіскі Skype змогуць выкарыстоўваць свае сродкі з падпісак і папаўненняў. Пасля 5 траўня 2025 года панэль набору нумара Skype будзе даступная платным карыстальнікам на сайце Skype і ў Teams.
Папярэджанне аб закрыцці сэрвісу ўпершыню было апублікаванае ў лютым гэтага года. У апошняй версіі Skype для Windows быў знойдзены ўтоены код, у якім знайшлі паведамленне: «З траўня Skype больш не будзе даступным. Працягвайце свае званкі і чаты ў Teams».