На вядомага ўкраінскага блогера і актывіста Сяргея Сцерненку здзейснены замах
10- 1.05.2025, 20:02
- 18,116

Куля прайшла навылёт.
Вядомы ўкраінскі грамадскі дзеяч і папулярны блогер Сяргей Сцерненка ў чацвер заявіў, што на яго быў здзейснены замах.
«На мяне здзейснены напад. Паранены», – напісаў Сцерненка ў сваім тэлеграм-канале і тут жа, у наступным паведамленні, дадаў, што яго жыццё па-за небяспекай і што жанчыну-стралка ўжо затрымалі.
Сцерненка падзякаваў Службе бяспекі Украіны: «Калі б не яны, я б ужо нічога не мог пісаць». Ён паведаміў, што куля прайшла навылёт, не закрануўшы важных органаў, і яго ўжо прааперавалі.
СБУ пазней заявіла, што прадухіліла забойства Сцерненкі і пацвердзіла затрыманне жанчыны-стралка.
«Супрацоўнікі Службы бяспекі папярэдзілі забойства вядомага грамадскага актывіста і валанцёра Сяргея Сцерненкі. Сёння на яго быў здзейснены замах з агнястрэльнай зброі», – гаворыцца ў заяве СБУ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на замах на актывіста.
«Старшыня Службы бяспекі Украіны даклаў пра расследаванне абставінаў нападу на валанцёра Сяргея Сцерненку. Служба бяспекі Украіны затрымала нападніцу – аператыўна, дзякуй за гэта. Усе факты датычна нападу будуць прапанаваныя грамадству», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
Сяргей Сцерненка ўзначальвае грамадскую арганізацыю «Небайдужы» («Неабыякавыя»), у мінулым ён быў заснавальнікам і актыўным удзельнікам руху «Народная люстрацыя», а таксама ўзначальваў адэскае аддзяленне «Правага сектару». Сцерненка вядзе блог у YouTube, на які падпісаныя два мільёны чалавек.
На жыццё Сцерненкі ўжо рабілі замах – тройчы ў 2018 годзе, калі ён удзельнічаў у пратэстах супраць знішчэння мясцовымі ўладамі Адэсы Летняга тэатра і арганізаваў акцыі супраць расейскай культурнай экспансіі ў Адэсе.
Падчас апошняга замаху Сцерненка смяротна параніў аднаго з нападнікаў, Івана Кузняцова. Другі ўдзельнік замаху, Андрэй Ісайкул, пазней уцёк з Украіны.