Індыя ўпершыню пацвердзіла ўдары па вайсковых цэлях у Пакістане
- 10.05.2025, 11:45
- 1,972

Камандзір авіякрыла войска Індыі паведаміў падрабязнасці.
Індыя ўпершыню пасля эскалацыі пацвердзіла, што нанесла ўдары па вайсковых аб'ектах у Пакістане. Але цэлі нападаў не былі названыя.
Пра гэта паведамляе The Times of India са спасылкай на камандзіра авіякрыла войска Індыі Веоміка Сінгха.
«У хуткім і вывераным адказе індыйскія ўзброеныя сілы нанеслі высокадакладны ўдар толькі па пэўных вайсковых цэлях», - сказаў ён.
Адпаведная заява індыйскага камандзіра прагучала пасля таго, як Пакістан абвясціў аб пачатку ваеннай аперацыі супраць Індыі і нанёс удары. Камандзір авіякрыла адпрэчыў заявы Пакістана аб тым, што нібыта была знішчаная індыйская сістэма СПА С-400 і інфармацыю аб знішчэнні аэрадромаў у Сураце і Сірсе.
Таксама індыйскі камандзір заявіў, што нібыта было заўважанае перамяшчэнне пакістанскіх войск да межаў Індыі, што, з яго слоў, «сведчыць аб наступальным намеры ў далейшай эскалацыі».
Мінабароны Індыі таксама сцвярджае, што Пакістан ужыў у нападзе беспілотнікі і іншае ўзбраенне, але яны нібыта не прычынілі шкоды індыйскай вайсковай інфраструктуры. Таксама Індыя заявіла, што Пакістан ужыў высакахуткасныя ракеты па авіябазе ў Пенджабе.
Агулам, як заяўляюць індыйскія вайскоўцы, былі нанесеныя ўдары па 26 індыйскіх гарадах і нібыта былі пашкоджаныя цывільныя аб'екты.