Крэмль выставіў новы ўльтыматум для спынення агню ва Украіне
12- 10.05.2025, 12:21
- 15,682

Пяскоў агучыў новае патрабаванне Масквы.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў агучыў новую ўмову краіны-агрэсаркі Расеі для спынення агню ва Украіне, заявіўшы, што Захад павінен спыніць пастаўкі зброі Кіеву. Аб гэтым ён сказаў у інтэрв'ю ABC News.
«У адваротным выпадку гэта будзе перавагай для Украіны. Украіна працягне сваю татальную мабілізацыю, перакідваючы новыя войскі на перадавую. Украіна выкарыстоўвае гэты перыяд для падрыхтоўкі новых вайскоўцаў і для таго, каб даць адпачынак ужо наяўным», - цынічна сцвярджае Пяскоў.
Ён таксама паўтарыў расейскі наратыў аб тым, што Украіна нібыта «не гатовая да неадкладных перамоў», адмаўляючы, што дыктатар Уладзімір Пуцін цягне час.
Кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі РНБА Андрэй Каваленка адрэагаваў на новыя ўльтыматумы Масквы, якая працягвае пастаўляць на фронт ільвіную долю боепрыпасаў з КНДР. Ён адзначыў, што РФ працягвае паказваць, што не хоча міру.
«Логіка Масквы: вы адмоўцеся ад зброі, а мы пагодзімся на 30 дзён [спынення агню], праўда, фронт спыняць не будзем, у КНДР і надалей будзем браць боепрыпасы, ну і праз 30 дзён таксама не спынімся і прыдумаем, як працягнуць вайну далей», - піша Каваленка.