Нямеччына засакрэціць звесткі аб перадачы зброі Украіне
5- 10.05.2025, 13:19
- 3,392

Гэта закране і Taurus.
Праз больш чым тры гады поўнамаштабнай вайны і «шырокай празрыстасці» новая ўлада Нямеччыны пастанавіла трымаць пастаўкі зброі Украіне ў сакрэце. Федэральны ўрад у будучыні значна скароціць аб'ём інфармацыі аб пастаўках узбраенняў, піша Spiegel са спасылкай на крыніцы ва ўрадавых колах.
Паведамляецца, што такі крок, перш за ўсё, закліканы «не даць агрэсару ў вайне супраць Украіны вайсковай перавагі». Скарачэнне публічных абмеркаванняў паставак зброі ўважаецца за частку «тактыкі вядзення вайны».
Дапамога Нямеччыны Украіне з першых дзён вайны
27 лютага 2022 года - праз тры дні пасля расейскага ўварвання ва Украіну - былы канцлер Нямеччыны Олаф Шольц прыняў пастанову аб пастаўцы зброі атакаванай краіне. Цягам прыкладна чатырох месяцаў амаль не паведамлялася пра такія пастаўкі.
У чэрвені 2022 года, пасля грамадскага ціску, урад пастанавіў апублікаваць падрабязны спіс усіх паставак узбраення. Да сённяшняга дня на сайце Федэральнага ўрада Нямеччыны размешчаныя ўсе пастаўленыя ўзбраенні з указаннем колькасці. Там, напрыклад, паказана, што Нямеччына паставіла 25 самаходных артылерыйскіх установак PzH 2000, 121 танк Leopard, 1050 ударных беспілотнікаў і 478000 артылерыйскіх набояў.
Такім чынам, урад Шольца імкнуўся прадэманстраваць, што Нямеччына з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком зброі Украіне пасля ЗША. Апошняе абнаўленне спісу адбылося 6 траўня - у дзень прызначэння новага ўрада.
Што зменіцца з існага моманту
Новы ўрад «здзяйсняе рэзкі паварот» і зноў засакрэчвае пастаўкі зброі, каб дамагчыся так званай «стратэгічнай неадназначнасці»: стварыць невыразнасць, каб схаваць свае дзеянні ад супраціўніка. Пры гэтым, сакрэтнасць распаўсюджваецца і на Taurus. Змена курсу федэральнага ўрада таксама закранае «хваравітае адкрытае пытанне ўкраінскай палітыкі» новага канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мэрца.
«Падчас перадвыбарнай кампаніі Мэрц падкрэсліваў, што гатовы да пастаўкі, але толькі ў адпаведнасці з партнёрамі па альянсе, якія ўжо перадалі такія ракеты або валодаюць імі. У Еўропе гэта Францыя і Вялікая Брытанія», - піша СМІ.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон нядаўна адказаў на пытанне журналіста аб магчымай пастаўцы Taurus з Нямеччыны, што зараз такія тэмы абмяркоўвацца не будуць. «Мы будзем празрыстыя перад украінцамі, будзем задавальняць іх патрэбнасці, але будзем гаварыць аб гэтым як мага менш», - сказаў ён.