Трамп адрэагаваў на адмову Пуціна пачаць перамір'е з 12 траўня
14- 11.05.2025, 8:39
- 31,194

Наступны тыдзень будзе «вялікі».
Дональд Трамп пракаментаваў начныя заявы расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна пра прамыя перамовы з Украінай. Прэзідэнт ЗША заявіў, што прадоўжыць працаваць з абодвума бакамі, а наступны тыдзень будзе «вялікі».
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на ягоны пост у сацсетцы Truth Social.
«Патэнцыйна вялікі дзень для Расеі і Украіны! Падумайце пра сотні тысячаў жыццяў, якія будуць выратаваныя, калі гэтая бясконцая “крывавая лазня”, спадзяюся, скончыцца. Гэта будзе зусім новы і значна лепшы свет. Я буду прадаўжаць працаваць з абодвума бакамі, каб упэўніцца, што гэта адбудзецца. ЗША хочуць засяродзіцца на аднаўленні і гандлі. Мае быць вялікі тыдзень!» – рэзюмаваў Трамп.
Пуцін адмовіўся ад перамір'я, але прапанаваў перамовы
Нагадаем, учора Украіна, ЗША і «кааліцыя ахвотных» прапанавалі Расеі пачаць 30-дзённае поўнае спыненне агню ўжо з панядзелка, 12 траўня. Сярод іншага, у нейкім сэнск быў пастаўлены ультыматум – альбо згода, альбо новыя санкцыі супраць РФ.
Уначы Пуцін выступіў з заявай, у якой праігнараваў тэму 30-дзённага спынення агню. Замест гэтага ён прапанаваў аднавіць прамыя перамовы з Украінай ужо ў наступны чацвер, 15 траўня, у Стамбуле. Прычым без умоваў.
Сёння ў яго павінна быць размова з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, падчас якой ён папросіць яго даць пляцоўку для перамоваў, якія былі перапыненыя ў 2022 годзе.