12 траўня 2025, панядзелак, 13:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскую выведку МІ6 упершыню ўзначаліць жанчына

2
Брытанскую выведку МІ6 упершыню ўзначаліць жанчына
БАРБАРА ВУДВАРД

63-гадовую фаварытку называюць «Пекінскай Барбарай».

Упершыню ў гісторыі Сакрэтную выведную службу Вялікай Брытаніі MI6 узначаліць жанчына – пасля таго, як дзейны кіраўнік Рычард Мур восенню сыдзе ў адстаўку пасля пяці гадоў на пасадзе. Усе тры фінальныя кандыдаты гутарак былі жанчынамі, дзве з іх – афіцэркі MI6.

Брытанскія СМІ высветлілі імя трэцяй кандыдаткі. Паводле звестак газеты The Sunday Times, гэта Барбара Вудвард – сталая прадстаўніца Вялікай Брытаніі пры ААН, былая амбасадарка ў Кітаі, якая ніколі не была агенткай і раней зазнала крытыку за сімпатыю да КНР.

Цяпер яна з'яўляецца самай высокапастаўленай жанчынай у Міністэрстве замежных справаў Брытаніі, зазначае выданне.

Барбара Вудвард працуе ў МЗС з 1994 года. Яна займала пасаду міжнароднай дырэктаркі Памежнага агенцтва Вялікай Брытаніі, а з 2015 да 2020 год была амбасадаркай Вялікай Брытаніі ў Кітаі.

Яе магчымае прызначэнне кіраўніцай MI6 выклікае спрэчкі, паколькі крытыкі сцвярджаюць, што яна занадта сімпатызуе Кітаю.

Акрамя таго, як мяркуецца, Вудвард не мае ніякага досведу працы ў выведцы, у той час як Пекін разгарнуў «агрэсіўныя шпіёнскія аперацыі» ў Вялікай Брытаніі, піша газета.

Прыхільнікі Вудвард у сваю чаргу кажуць, што яе досвед працы ў Пекіне дае ёй унікальную перспектыву.

63-гадовую дыпламатку празвалі «Пекінскай Барбарай» за яе нежаданне крытыкаваць Кітай падчас знаходжання на пасадзе амбасадаркі.

Калі некалькі дэпутатаў зазналі санкцыі Кітая за крытыку меркаванага генацыду ўйгураў у Сіньцзяне, яе абвінавацілі ў «недастатковай катэгарычнасці» ў развязанні гэтай праблемы.

Пакінуўшы Кітай, яна заявіла прапекінскаму кітайскаму таблоіду Global Times, што Тайвань ніколі не атрымае незалежнасці.

Прэм'ер-міністр сэр Кір Стармер прыме канчатковую пастанову пра яе прызначэнне паводле рэкамендацыі рады высокапастаўленых урадавых дзеячаў, уключаючы міністра замежных справаў Дэвіда Лэмі і дарадцы ў нацыянальнай бяспецы Джонатана Паўэла, паведамляе The Sunday Times.

Дзве іншыя кандыдаткі не могуць быць названыя, паколькі з'яўляюцца супрацоўніцамі выведкі, – але сітуацыя змянілася б, калі б яны атрымалі высокую пасаду, гаворыцца ў артыкуле.

«Гэтае прызначэнне мае найважнейшае значэнне для нашай бяспекі, і любая дваістасць у дачыненні да велізарнай пагрозы, якую ўяўляе Кітай, скончыцца катастрофай для Вялікай Брытаніі», – сказаў сэр Іэн Дункан Сміт, былы лідар кансерватыўнай партыі торы, які таксама зазнаў санкцыі з боку Кітая.

Паводле ягоных словаў, «тыя з нас, хто рэгулярна зазнае санкцыі і атакі» ўладаў у Пекіне, будуць занепакоеныя тым, што Вудвард «была не занадта цвёрдая ў сваіх дзеяннях у дачыненні да Кітая і ўзняла пытанне аб Сіньцзяне і ўйгурах толькі тады, калі пакінула Кітай».

Паводле словаў крыніцаў The Sunday Times, Вудвард было прапанавана падаць заяўку, паколькі не было выбітнага кандыдата на замену Муру ў самой MI6.

Рычард Мур пад прыкрыццём служыў у MI6 у В'етнаме, Турцыі, Пакістане і Малайзіі, пасля чаго быў амбасадарам Вялікай Брытаніі ў Турцыі, які базуецца ў Анкары. З 2020 года Мур заняў пасаду кіраўніка Сакрэтнай выведнай службы.

У апошнія месяцы службы бяспекі Брытаніі сцвярджалі, што кітайскія шпіёны праніклі ў найбліжэйшае асяроддзе герцага Ёркскага – прынца Эндру, атрымалі інфармацыю пра брытанскія прадпрыемствы і атакавалі ганконскіх дысідэнтаў у Вялікай Брытаніі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках