Sky News: Крэмль заспелі знянацку
6- 11.05.2025, 18:21
- 34,398

Гэта апошняя спроба для Пуціна.
Прапанова Уладзіміра Пуціна аб прамых перамовах з Украінай – гэта апошняя ягоная спроба ўнікнуць абавязальніцтваў 30-дзённага спынення агню. Пры гэтым падрыхтоўка да гэтай аб'явы была вельмі дзіўнай, ды і сама яна выглядала «злепленай спехам у калідоры», піша Sky News.
Выданне адзначае, што, хоць Крэмль назваў гэта значнай заявай Уладзіміра Пуціна, але ягоныя каментары дакладна паўтараюць тое, пра што Масква кажа ўжо некалькі тыдняў, толькі з даданнем даты.
Так, Пуцін прапанаваў правесці 15 траўня ў Стамбуле прамыя перамовы з Украінай і абмеркаваць дэталі больш доўгага перамір'я. Аднак «праблема ў тым, што Турцыя, здаецца, пра гэта не ведае», піша Sky News, паколькі Пуцін сказаў, што патэлефануе прэзідэнту Рэджэпу Таіпу Эрдагану заўтра.
«Беручы да ўвагі відавочную падтрымку Амерыкай ультыматуму Еўропы да Расеі (спыненне агню ці санкцыі), ён павінен быў адказаць нечым новым. Але гэтая прапанова выглядала так, нібыта была спехам злепленая ў калідоры на вуліцы», – адзначае выданне.
Падрыхтоўка да гэтай аб'явы таксама была вельмі дзіўнай. Спачатку было абвешчана, што гэта будзе прэс-канферэнцыя, на якой СМІ змогуць задаць пытанні, але катэгарычная заява еўрапейскіх хаўруснікаў Украіны ўсё змяніла:
«Спачатку гэта было зроблена як падвядзенне вынікаў двухбаковых сустрэчаў, што Пуцін правёў на гэтым тыдні з лідарамі краінаў, якія прыехалі на святкаванне Дня Перамогі. Але ўльтыматум з Еўропы, падобна, заспеў Крэмль знянацку».
Аднак да таго часу, калі Пуцін нарэшце з'явіўся бліжэй да другой гадзіны ночы, пытанняў ужо не было, толькі заява. У выніку незразумела, навошта было запрашаць журналістаў, зазначае выданне.
Пры гэтым, калі карэспандэнт SkyNews змог задаць пытанне прэс-сакратару Пуціна, спытаўшы яго, ці не з'яўляецца гэта чарговай тактыкай задоўжвання часу з боку Расеі, у адказ атрымаў запэўненне, што «гэта вельмі сур'ёзны падыход».