У Албаніі пачаліся лёсавызначальныя парламенцкія выбары
- 11.05.2025, 12:38
- 1,938

Галасаванне з'яўляецца важным выпрабаваннем на шляху балканскай краіны да сяброўства ў Еўразвязе.
У Албаніі 11 траўня пачаліся выбары ў аднапалатны парламент.
Як адзначае Reuters, гэта з'яўляецца важным выпрабаваннем на шляху балканскай краіны да сяброўства ў Еўразвязе.
Прэм'ер-міністр Албаніі Эдзі Рама, які ўзначальвае ўрад з 2013 года і з'яўляецца лідарам Албанскай сацыялістычнай партыі, спадзяецца на перавыбранне. Ён таксама абвясціў, што ягонай галоўнай мэтай застаецца ўступленне краіны ў ЕЗ да 2030 года. Аднак многія маладыя выбарнікі стаміліся ад палітыкаў, якія дамінуюць у краіне ўжо больш за тры дзесяцігоддзі, адзначаюць журналісты.
Галоўным спаборнікам Рамы з'яўляецца Салі Берыша, былы прэзідэнт і прэм'ер-міністр Албаніі, лідар Кансерватыўнай партыі. Ён узначальвае апазіцыйны альянс і выступае на выбарах з лозунгам Вялікая Албанія. Як пішуць журналісты, Берыша імкнецца вярнуцца да ўлады пасля 12 гадоў апазіцыйнай дзейнасці.
Як удакладняе DW, Берыша знаходзіцца пад пільным наглядам албанскіх праваахоўнікаў праз абвінавачанні ў карупцыі. У 2021 годзе ЗША наклалі на яго санкцыі праз падазрэнні ў хабарніцтве і незаконнае ўзбагачэнне.
Паводле перадвыбарных апытанняў, фаварытам з'яўляецца Сацыялістычная партыя, за якую гатовыя прагаласаваць да 49% выбарнікаў, у той час як Кансерватыўную партыю падтрымлівае блізу 35%.
Папярэднія вынікі выбараў будуць абнародаваныя цягам двух дзён.
Народны сход Албаніі складаецца са 140 дэпутатаў, якія абіраюцца па прапарцыйнай сістэме.