Шостую ноч запар на беларускіх метэастанцыях фіксуюцца тэмпературныя антырэкорды
10- 11.05.2025, 12:59
- 4,728

Найхаладней было ў Лунінецкім раёне.
Шостую ноч запар на беларускіх метэастанцыях фіксуюцца тэмпературныя антырэкорды. Пра гэта паведамляе «Позірк» са спасылкай на аператыўныя і архіўныя звесткі Белгідрамета.
У ноч на 11 траўня перакрытыя тры лакальныя мінімумы. Халадней за ўсё было ў раёне метэастанцыі «Палеская» ў Лунінецкім раёне – 3 градусы марозу (ранейшы экстрэмум складаў -1,4 градуса, зарэгістраваны два гады таму). Абнавіліся мінімумы таксама ў Акцябрскім – 1,1 градуса ніжэй за нуль (было -0,8 у 1991 і 2023 гадах) і Лельчыцах – 1 градус марозу (-0,2 у 2023-м).
Сіноптык Дзмітры Рабаў прагназуе, што на наступным тыдні ёсць надзея на пацяпленне. У пачатку надвор'е пакуль яшчэ будзе вельмі няўстойлівым з сярэднім тэмпературным фонам, захаваецца вялікая верагоднасць замаразкаў. Але пачынаючы з серады прыйдзе доўгачаканае цяпло, і замаразкі паступова скончацца, затое чакаюцца туман і дажджы.